БРСМ ловіць на вуліцы людзей, якія п’юць піва, і здае іх у міліцыю

На вуліцах гарадоў з’явіліся міліцэйскія патрулі, у складзе якіх часам можна заўважыць юнакоў і дзяўчат у цывільным. Як высветлілася, гэта актывісты БРСМ, “байцы” “Моладзевых атрадаў аховы правапарадку”. Еўрарадыё даведалася, ці лёгка стаць такім "дружыннікам" і якім правамі ды паўнамоцтвамі яны валодаюць.

Як высветлілася, запісацца ў МААП вельмі проста: дастаткова прыйсці з гэтай мэтай у раённую арганізацыю БРСМ, альбо па месцы жыхарства, альбо — па месцы працы. Як паведаміў Еўрарадыё спецыяліст Завадской раённай арганізацыі Мінска, у загадзя прызначаны дзень і час "дружыннікі" выходзяць у дазор.

Спецыяліст БРСМ: “У нас яны выходзяць па чацвяргах і па серадах, патрулююць разам з... ну, з міліцыянерамі. І яшчэ ёсць атрады па дапамозе ДАІ. У прызначаны дзень рабяты выходзяць самі, мы толькі кантралюем гэты працэс: яны здаюць нам ведамасці, справаздачы пра тое, што яны выходзяць і пра ўсё-усё”.

Што тычыцца паўнамоцтваў, то спачатку раённы спецыяліст заявіў, што яны не меншыя, чым у саміх міліцыянтаў.

Спецыяліст БРСМ: “У той момант, калі вы патрулюеце, вы надзеленыя пэўнымі паўнамоцтвамі. Прыкладна такімі ж, як і міліцыянт, з якім вы ідзеце”.

Але калі карэспандэнт Еўрарадыё пачаў цікавіцца, як можна парушальнікам даказаць, што "дружыннік" мае права яго затрымаць, і што можа актывіста БРСМ уберагчы ад поўхі, то спецыяліст прызнаўся, што паўнамоцтваў для такіх затрыманняў не так ужо і шмат. А каб засцерагчыся ад кухталя — то лепш не высоўвацца. Бо ў іх акрамя несур’ёзнага пасведчання больш нічога няма, нават павязак “дружыннік”.

Спецыяліст БРСМ: “Выдаецца такое пасведчанне маленькае. Яно падобнае да брсмаўскага білеціка само па сабе. Там напісана, што вы сябра моладзевай... аховы правапарадку. Але ён нічога не дае — гэты білецік, па вялікім рахунку. Так, яго можна паказаць, але як на вас адрэагуюць — невядома. Бо вы не ў пагонах, вы не пры выкананні. Таму пажадана хадзіць менавіта з супрацоўнікамі міліцыі побач”.

Тое, што паўнамоцтваў у сучасных "дружыннікаў" насамрэч не шмат, пацвердзіў Еўрарадыё і афіцэр прэс-службы сталічнага ДПІ Юрый Красноў.

Юрый Красноў: “Яны ж самі машыны не спыняюць — знаходзяцца побач з супрацоўнікам. Пасля таго, як супрацоўнік машыну спыніў, могуць, да прыкладу, дакументы праверыць. З’яўляюцца сведкамі правапарушэння, дапамагаюць пры афармленні ДТЗ. Альбо яны на пешаходных пераходах, і здалёк відаць, што нешта свеціцца, камізэлька, нібыта даішная — і кіроўцы хуткасць зніжаюць. Альбо яны былі сведкам правапарушэння, а супрацоўніка побач няма, то потым яны могуць паведаміць аб правапарушэнні, сведкам якога яны былі”.

Апошнім часам у сацыяльных сетках з’явіліся аповяды “парушальнікаў правапарадку” з гісторыямі іх затрымання. Яны вельмі падобныя і выглядаюць наступным чынам: кампанія юнакоў распівала алкагольныя напоі ў грамадскім месцы. Побач з імі сядала такая кампанія юнакоў. А калі побач з’яўляўся міліцэйскі патруль і парушальнікі збіраліся хутка знікнуць, суседзі хапалі іх за рукі і ўтрымлівалі да падыходу міліцыянтаў.

Паводле спецыяліста раённай арганізацыі БРСМ сталіцы, такія дзеянні — цалкам ініцыятыва добраахвотных памагатых міліцыі. Паўнамоцтваў на гэта ў іх няма, хоць дзейнічаць так і не забараняецца, калі не страшна. А вось генерал міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб называе падобныя дзеянні актывістаў правакацыяй. Праўда, засцерагае ад таго, каб даць такім "дружыннікам" без пагонаў кухталя.

Мечыслаў Грыб: “Разглядаць такія дзеянні можна як правакацыю. Але калі ўжыць да іх фізічную сілу і даць па шыі, вырвацца і ўцячы, то гэта твая радасць будзе, калі цябе не зловяць. А калі зловяць, то інкрымінуюць, як мінімум, дробнае хуліганства. І будзеш яшчэ больш цяжка адказваць за тое, што нанёс удар гэтым людзям”.

Згодна з яго словамі, паўнамоцтвы ранейшых дружыннікаў былі зацверджаныя спецыяльнай пастановай Саўміна СССР, якая давала ім права праводзіць затрыманні парушальнікаў нават без прысутнасці чалавека ў форме. У дружыннікаў з БРСМ паўнамоцтвы не большыя, чым у звычайнага грамадзяніна краіны, які, паводле закону, мае права аказваць дапамогу міліцыі для прадухілення правапарушэння альбо падчас затрымання злачынцы.

Дарэчы, нягледзячы на тое, што праца "дружынніка" афіцыйна не аплочваецца, ў Завадской арганізацыі БРСМ прызналіся, што, прынамсі, сваім МААПаўцам яны грашовае заахвочванне выдаюць. Праўда, не ўдакладнілі, у якім памеры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі