Бразільянка вывучыла беларускія рок-хіты, не разумеючы ні слова (відэа)

Крыміналіст па адукацыі бразільянка Андрэа Жавана мае даволі незвычайнае хобі для жыхароў Паўднёвай Амерыкі. Дзяўчына старанна развучвае беларускія песні і пяе іх пад гітару. У Фэйсбуку яна сябруе са шматлікімі беларукімі музыкамі, якія дапамагаюць ёй разумець тэксты. Сярод іх Лявон Вольскі, Карэн Карапецян, Піт Паўлаў, Руся, Зміцер Вайцюшкевіч, Юрый Паўлоўскі і іншыя.


З Андрэа мы нечакана пазнаёміліся ў Партугаліі падчас першага этапу праекта "Show Belarus Show Europe". Дзяўчына цяпер вучыцца ў Лісабоне і, калі даведалася, што побач праходзяць дні беларускай культуры, не задумваючыся прыехала паслухаць гурт Akana.


Раней Андрэа спявала ў бразільскай царкве, вернікі якой, пасля наведвання нашай краіны, узрушана распавядалі пра беларускіх музыкаў. Маўляў, ў беларускіх цэрквах спяваюць так, нібыта грае сапраўдны аркестр. Але карэнным чынам жыццё Андрэа Джаваны змяніла сустрэча з беларускім хлопцам, які прыехаў у Бразілію на канферэнцыю.


Андрэа Жавана: "Праз некалькі гадоў на прафесійнай канферэнцыі ў Бразіліі я сустрэла беларуса. Я ўвесь час памылялася, і зараз мне сорамна, бо я ўвесь час пыталася: о, дык ты з Расіі? А ён казаў: "Я не з Расіі, я з Беларусі, гэта розныя краіны!" Пасля канферэнцыі я зразумела, што не ведаю нічога пра краіны былога СССР. І я пачала шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, пачала "гугліць" у пошуках беларускай музыкі".


Так, Андрэа наткнулася на форум, дзе абмяркоўвалі песню "Купалінка". Там жа была ўзгаданая песня гурта "Харлі" "Купаліначка". Песня на беларускай мове так спадабалася жыхарцы Бразіліі, што яна адразу ж навучылася яе граць на гітары і спяваць.


Андрэа Жавана: "У выніку, "Купаліначка" стала першай песняй, якую я вывучыла, а вывучыла я яе за 15 дзён, бо папросту ўлюбілася ў яе. Так усё і пачалося. Я скачала ўсе песні з сайта "Тузін Гітоў". Вядома, я адразу пачала цікавіцца значэннем літар, спрабавала вывучыць кірыліцу. Потым вычытала пра беларускую лацінку. Я шмат прачытала пра вашу краіну. Людзі ў Бразіліі думаюць, што я вар'ятка. Яны не разумеюць, як можна захапляцца краінай, месцазнаходжанне якой яны не ведаюць. У Бразіліі не ведаюць дзе знаходзіцца Беларусь, і яны не разумеюць, што мяне так зацікавіла ў гэтай краіне".


Праз назвы гуртоў Андрэа знайшла старонкі музыкаў у "Фэйсбуку", і зараз стала кантактуе з імі. Праўда, вызначыцца з улюбёнымі гуртамі дзяўчына так і не здолела, бо амаль не разумее беларускай мовы, а перакладаў хаця б на англійскую зусім мала.


Андрэа Жавана: "У мяне ёсць улюбёныя песні, ёсць і ўлюбёныя гурты, але існуе сапраўдная праблема – мова. Усё што я здольная зразумець пра гурты і іх тэксты, гэта невялічкая колькасць матэрыялаў, перакладзеных на англійскую мову. Я не магу зразумець рускія тэксты і нават беларускія, калі няма перакладаў. Напрыклад, зараз я ведаю, што Лявон Вольскі адзін з лепшых сярод тых, хто піша песні пра свабоду . Я шмат чытала пра яго гурты. Таксама, яшчэ на самым пачатку, я чытала інтэрв'ю са спявачкай гурта "Indigа" Русяй, чые песні я чула раней. У мяне ёсць улюбёныя песні, песні, якія кранулі маё сэрца. Дзякуючы ім зараз я ведаю некалькі простых словаў, напрыклад, "я кахаю".


Але гэтых словаў Андрэа не хапае для разумення тэкстаў песень, хоць і спявае яна іх так, быццам валодае мовай дасканала. Бразільянка паабяцала, што ў наступным годзе абавязкова прыедзе ў Беларусь. А арганізатары праекта "Адкрывай Еўропу - Адкрывай Беларусь" зладзяць для яе сумесны выступ з улюбёнымі беларускімі музыкамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі