Бенедыкт XVI і Беларусь

Бенедыкт XVI сыходзіць у адстаўку 28 лютага. 85-гадовага Папу Рымскага падштурхнулі да гэтага праблемы са здароўем. У 2005-м, калі кардынал Ёзэф Ратцынгер быў абраны замест памерлага Яна Паўла II, ён казаў, што ніколі не хацеў быць Папам. Цяпер ён пакідае святы прастол па ўласным жаданні.

 
Бенедыкт XVI увойдзе ў гісторыю як адзін з самых ліберальных Папаў Рымскіх. Ён грае на піяніна, піша кнігі і нават вядзе Twitter, на які падпісаныя 1,5 мільёна чалавек. Але за амаль 8 гадоў знаходжання на пасадзе ён так і не здолеў вырашыць "беларускае пытанне".

Яшчэ ў чэрвені 2008-га Папа атрымаў запрашэнне ў Беларусь ад Аляксандра Лукашэнкі. За тры месяцы да таго Бенедыкт XVI падчас тэлемоста з маладымі католікамі прачытаў некалькі словаў па-беларуску. Аднак у 2008 годзе справа абмежавалася візітам у Беларусь ватыканскага дзяржсакратара Тарчызіа Бертонэ.

Што ж, калі гара не ідзе да Магамета... У красавіку 2009 года Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам наведвае Ватыкан. Паездка беларускага лідара ў Італію — першая пасля адмены візавых санкцый Еўрасаюза. 25 хвілін Бенедыкт XVI і Аляксандр Лукашэнка размаўляюць тэт-а-тэт. Пасля Коля Лукашэнка дарыць прадстаўніку Бога на зямлі срэбную манету "Крыж Ефрасінні Полацкай" і свой буквар.


Развітваючыся з Папам, Лукашэнка прапанаваў наступным разам сустрэцца ў Беларусі. "Я сказаў на сустрэчы, што сёння ёсць унікальны шанец наблізіць пазіцыі, каб на самым версе Папа рымскі і Патрыярх [Кірыл. — Еўрарадыё] маглі сустрэцца і абмеркаваць агульныя праблемы. Калі такая сустрэча адбудзецца, няхай яна будзе ў Беларусі, бо яна не толькі цэнтр Еўропы, але і краіна, дзе сустракаюцца дзве канфесіі — праваслаўе і каталіцызм", — цытуе Аляксандра Лукашэнку яго прэс-служба.


У 2010 годзе Папа ледзь не даехаў да Беларусі. У планах Пантыфіка значыліся "Беларусь ці Партугалія". Але сустрэча з Патрыярхам Кірылам не адбылася ні там, ні там. Не пабачыліся хрысціянскія лідары і ў наступныя два гады, хаця кіраўнік РПЦ неаднаразова "выходзіў на кантакт". Першы і адзіны раз, калі Бенедыкт сустрэўся з тады яшчэ мітрапалітам Кірылам, прыпаў на 2007 год, яшчэ да абрання апошняга Патрыярхам Маскоўскім.


У 2012 годзе адносіны Беларусі і каталіцкай царквы чарговы раз абвастраюцца. 9 красавіка Лукашэнка заяўляе амбасадару Мальтыйскага ордэна Паўлю Фрыдрыху фон Фухеру, што каталіцкая царква "відавочна не дапрацоўвае ў наладжванні стасункаў паміж беларусамі і Заходняй Еўропай"

Увосень апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдзіа Гуджароці перад тым, як паехаць на справаздачу да Папы, наведвае ў турмах палітвязняў Сяргея Каваленку, Паўла Сырамалотава, Алеся Бяляцкага, Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава і Паўла Севярынца. Архіепіскап "сустрэўся з кожным, пацікавіўся іх станам і выслухаў, што яны хацелі яму паведаміць". Бенедыкт XVI перадаў праз нунцыя адмысловае блаславенне для католікаў Беларусі і ўсяго беларускага народа. Гэта было ў кастрычніку 2012 года, чатыры месяцы таму.


У снежні 2012 года Бенедыкт XVI сустракаецца з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. "Мы хочам, каб папа прыехаў да нас, але пакуль гэта застаецца толькі нашым жаданнем. Я некалькі гадоў таму пытаўся ў папы, і цяпер сказаў яму, што мы яго чакаем, на што ён у адказ усміхнуўся і сказаў: "Як Бог мне адкрые дзверы, я прыеду". Таму чакаем, калі Бог адчыніць дзверы", — каментуе сустрэчу Кандрусевіч.


Але для Папы Бенедыкта XVI дзверы ў Беларусь так і не адчыніліся.


Нявырашаным пытаннем паміж Беларуссю і Ватыканам застаецца канкардат — дамова, якая рэгулюе становішча Рымска-каталіцкай царквы ў краіне. Дакумент мусілі падпісаць яшчэ ў 2008 годзе, тады ў Мінск нават прыязджаў дзяржсакратар святога прастола Тарчызіа Бертонэ. Аднак перамовы неспадзявана спыніліся.

Фота: БелТА, AFP.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі