Беларусы знялі кліп на песню Sigur Ros (відэа, фота са здымкаў)

Кліп здымалі ў глухой беларускай вёсцы. Прычым за першыя два дні хлопцы не зрабілі ніводнага кадра, а толькі прыслухоўваліся да цішыні і прызвычайваліся да спакою, які знайшлі ў правінцыі.

“Спачатку мы хацелі здымаць мужычка з вялікай барадой і блакітнымі вачыма. Ён там на месцы быў, нам пра яго распавядалі, і мы вырашылі, што будзе крута прыехаць туды, пабачыць яго і нешта адчуць. Але нічога адчуць не атрымалася, бо ён зламаў шчыкалатку. Ляжаў паламаны і без барады. Лодку мы хацелі браць у любым выпадку. Паклікалі сяброў, яны прыехалі, адчулі атмасферу. Было цяжка, бо не было сонца, было халодна, і не было тумана, давялося дыміць шашкамі, якія мы прывезлі з сабой”, ― распавядае Еўрарадыё аўтар відэа Руслан Фядотаў.

Назва песні Dauðalogn, на якую знялі кліп, перакладаецца з ісландскай як “Мёртвы штыль”. Цікава, што тэкст песні хлопцы прынцыпова вырашылі не чытаць. Але ўсё роўна знялі ў відэа туман, задумлівых людзей і лодку, якая скальзіць па абсалютна спакойнай вадзе.

Прагаласаваць за беларускую візуалізацыю Dauðalogn можна па гэтай спасылцы. У беларусаў больш за 800 канкурэнтаў, у тым ліку і вялікія студыі. Конкурс выклікаў настолькі вялікую цікавасць, што першую гадзіну пасля адкрыцця галасавання яго старонка папросту “ляжала”.

Sigur Ros ― пост-рок гурт з Рэйк’явіка, створаны ў 1994 годзе. Сусветная вядомасць да SR прыходзіць праз 5 гадоў, пасля выхаду альбома Ágætis byrjun. Гурт мае вельмі адрознае, “іншаземнае” гучанне і лёгка пазнаецца па высокай вакальнай партыі і цягучай электрагітары, на якой граюць смыкам.

 

 

Фота: grajdaninm.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі