Беларусы выступалі супраць незалежнасці Косава (фота)
Каля тысячы чалавек прыйшло 16 лістапада на дэманстрацыю ў Варшаве супраць аддзялення Косава ад Сербіі.
Тут таксама былі беларусы пад бел-чырвона-белымі сцягамі, якія жывуць у польскай сталіцы.
Маніфестацыя прайшла цэнтральнымі вуліцамі і суправаджалася скандаваннямі: “Сербія — Варшава, супольная справа!”, “Толькі сербскае, толькі сербскае Косава!”, “Вялікая Польшча, Вялікая Сербія!”, “Надыходзяць, надыходзяць нацыяналісты!” ды іншымі.
Арганізатарамі дэманстрацыі, якая ў Варшаве праходзіць ужо трэці раз, выступіў шэраг польскіх нацыяналістычных арганізацый.
Мерапрыемства не адзначылася вялікімі парушэннямі правапарадку, аднак на нейкі час спыніла аўтамабільны рух у цэнтры Варшавы. Закончылася акцыя перад прадстаўніцтвам Еўрапейскай камісіі.
Нагадаем, што 17 лютага 2008 года парламент Косава ў аднабаковым парадку абвясціў пра незалежнасць ад Сербіі.
Перад гэтым было шматгадовае супрацьстаянне паміж косаўскімі албанцамі і сербамі, якое ўзмацнілася пасля прыходу да ўлады ў Югаславіі ў канцы 1980-ых гадоў Слабадана Мілошавіча. У 1999 годзе Мілошавіч быў абвінавачаны ААН і НАТО ў ваенных злачынствах, парушэнні Жэнеўскай канвенцыі і генацыдзе. Югаславія была падвергнута бамбаванню авіяцыяй НАТО. У 2001 годзе Мілошавіч быў арыштаваны і памёр 11 сакавіка 2006 года падчас працэсу ў Гаагскім трыбунале.
На дадзены момант незалежнасць Косава ад Сербіі прызнала 98 дзяржаў з 193 (50,78 %) чальцоў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

