Беларускія месцы ў Еўранэсце будуць “замарожаныя”

З такой прапановай выступіў намеснік кіраўніка працоўнай групы па Беларусі Яцэк Сарыюш-Вольскі. Як распавёў Еўрарадыё лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, яго падтрымалі не толькі еўрадэпутаты, але і прадстаўнікі краін-удзельніц праграмы “Усходняга партнёрства”.
121012_liabedzka.mp3
Анатоль Лябедзька: “Няма падставаў для таго, каб беларускія парламентары атрымалі месца ў асамблеі Еўранэст. Адназначна гэта было агучана не толькі еўрадэпутатамі, але і іншымі дэпутатамі, якія прадстаўленыя ў асамблеі Еўранэста”.

А гэта азначае, што ніякіх кантактаў з новаабраным беларускім парламентам Еўрапарламент мець не хоча.

Тым не менш, месцы, якія "вызваляюцца" ў Еўранэсце, не аддалі і прадстаўнікам беларускай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці. Яны будуць "стаяць пустымі" і чакаць, пакуль у Беларусі не пройдуць сапраўды сумленныя выбары, распавёў Лябедзька. Хоць і не выключыў таго, што ім гэтыя месцы ў будучыні аддадуць.

Нагадаем, 11 кастрычніка ў Брусэлі праходзіла пасяджэнне рабочай групы Еўрапарламента па Беларусі ў фармаце Еўранэста. На ім абмяркоўваліся вынікі парламенцкай кампаніі і перспектывы развіцця сітуацыі. Запрашэнне ўзяць у ім удзел атрымалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, “Справядлівы свет”, кампанія “Гавары праўду!”, рух “За свабоду” і аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Было накіравана запрашэнне і кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею, але ён на яго ніяк не адрэагаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі