Беларускі настаўнік падмяняе пажарніка, дзяжурыць ў клубах, кладзе плітку

Перыядычна “Еўрарадыё” скардзяцца настаўнікі з розных рэгіёнаў Беларусі. Скаргі ― адны і тыя ж: замест урокаў даводзіцца пісаць горы папераў і займацца абавязкамі, далёкімі ад навучальнага працэсу.

“Мы не школа, а дом быту. Настаўнікі ходзяць па кватэрах, вядуць спісы дзяцей, якія нарадзіліся, ― распавядае Аляксандр Уладзіміравіч, педагог па фізкультуры з Маскоўскага раёна сталіцы. ― І сочым пасля гэтага, пайшлі яны навучацца ці не”.

Настаўнік абураецца, што яго калег загружаюць, як таго вярблюда ў караване, даводзіцца рабіць працу за іншыя ведамствы.

Аляксандр Уладзіміравіч: “Нядаўна прыйшоў запыт з РАУС па маім адрасе: “дзіця схільнае да бадзяжніцтва”, “маці вядзе антысацыяльны лад жыцця”. Высвятляецца, што таму дзіцяці ўсяго год з лішкам. Дык вось мы павінны хадзіць да гэтага дзіця, ледзь не з цыцкі яго карміць, сачыць, у якім стане ён знаходзіцца, уяўляеце? А нядаўна быў рэйд па нядбайных сем’ях. ЖЭС склаў “настойлівыя рэкамендацыі”, каб мы вялі, не паверыце, тлумачальную працу з неплацельшчыкамі і заклікалі іх пагашаць пазыкі за кватэру. Апроч гэтага, мы цяпер адну за адной сустракаем і праводзім праверкі: Камітэт адукацыі, раённы аддзел, Мінгарвыканкам, пажарнікі, санстанцыя… Рэвізораў цікавяць любыя дробязі, але не якасць адукацыі”, ― выказвае меркаванне педагог.

“У вечаровы час мы павінны па чарзе ўдзельнічаць у рэйдах па дыскатэках. Бацька каўтануў пляшку чарніла і ляжыць дома, а ты ідзі глядзі аб 11-й гадзіне, дзе яго дзіця ходзіць-гуляе, што яно робіць, ― пералічвае дадатковыя абавязкі Пётр Станіслававіч, педагог па геаграфіі з Мінскай вобласці. ― І калі нешта здараецца, то адразу ж вінаваты настаўнік. Гісторыя была летам. Каля адной з вёсак стаяў металічны прыпынак. Гэта канструкцыя звалілася на дзіця. Вінаватымі аказаліся камунальнікі. Але і класны кіраўнік дзіцяці атрымала вымову, што яна не правяла там нейкі інструктаж па тэхніцы бяспекі. Улетку, уяўляеце? Класных кіраўнікоў, дарэчы, абавязваюць ісці ў кожную сям’ю, глядзець там тое, што павінны правяраць пажарнікі. А калі сям’я нядбайная, яшчэ і ў лядоўню зазіраць, ці мае дзіця што паесці, і правяраць наяўнасць дроваў…”

Кадр з праграмы Першага нацыянальнага тэлеканала, дзе настаўнікаў загружаюць новым абавязкам: дзяжурыць на нерэгуляваных дарожных пераходах у якасці стоп-мэнаў  

Настаўніца з Брэсцкай вобласці Яніна Пятроўна пагаджаецца са скаргамі сваіх калег. Але і на гэтым іх пералік не заканчваецца.

“Палітінфармацыю мы праводзім кожны панядзелак, усе настаўнікі павінны выйсці і вывесці дзяцей на свята, напрыклад, на Дзень Перамогі. Трэба праводзіць асобную работу з адоранымі дзецьмі, з хлопцамі і дзяўчатамі, якія маюць праблемы з міліцыяй. Трэба ўдзельнічаць у так званых працоўных дэсантах. Нядаўна каля нашай школы прыбіралі бетон і клалі новую плітку ― усе настаўнікі і некаторыя бацькі. І за гэта, вядома, нічога не заплацілі, ― разводзіць рукамі педагог. ― А калі нехта спрабуе змагацца, то чуе ад кіраўніцтва наступнае: “Не хочаце працаваць ― сыходзьце”. Гэта ж вельмі проста робіцца. Таму людзі ўсе маўчаць. У вёсцы працы мала”.

Калі чуеш ад педагогаў расповеды пра іх “працоўны крыж”, то і думкі не ўзнікае, што гэта нармальна. Замест таго, каб выводзіць беларускую адукацыю на належны узровень, даводзіцца закрываць педагогамі ўсе магчымыя дзюркі.

Але самае дзіўнае, што дзейныя беларускія законы дазваляюць за бясплатна нагружаць беларускага настаўніка розным “шалупіннем”. І вось чаму:

“Працягласць працоўнага часу настаўніка складаецца не толькі з педагагічнай дзейнасці, але і з іншых службовых абавязкаў, ― тлумачыць дзейнае заканадаўства Валянціна Герасімовіч, загадчыца аддзелам сацыяльна-эканамічнай работы Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Праблема ў тым, што аплата вядзецца толькі за гадзіны педагагічнай дзейнасці. Іншая частка не аплачваецца”.

Стаўка настаўніка ― гэта 18 гадзін у тыдзень. Хоць звычайна педагогі працуюць на паўтары стаўкі і больш. А так званая скарочаная працягласць працоўнага часу ― 36 гадзін у тыдзень. Калі працуеш на адну стаўку, то дырэктар мае законнае права загружаць цябе іншай дзейнасцю яшчэ на 18 гадзін у тыдзень. Але часам педагогі скардзяцца, што кіраўніцтва выходзіць і за гэтыя межы, працягваюць патрабаваць і патрабаваць.

А ў якіх дакументах такія законы замацаваныя, цікавімся ў Валянціны Герасімовіч:

Кваліфікацыйны даведнік быў у нас зацверджаны пастановай Міністэрства працы ад 28 кастрычніка 2001 года. У кастрычніку мінулага года ўносіліся дапаўненні і змены ў сувязі з тым, што ўступіў у сілу Кодэкс аб адукацыі.

Мы, прафсаюзы, каля двух гадоў ужо падымаем пытанне. Таму што зарплата педагогаў у нас вельмі нізкая. Нядаўна мы адправілі чарговыя лісты і ў парламент, і ў Савет міністраў, і ў Міністэрства адукацыі, і ў Федэрацыю прафсаюзаў. Мы, як прафсаюзы, кажам пра тое, што настаўніку трэба плаціць за ўсё, не толькі за педагагічную дзейнасць. І ў гэтым годзе гэта пытанне шырока мусіруецца. Але праблему неабходна вырашаць рашуча”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі