"Беларуская ноч" прымусіла "Соседний мир" танчыць да шостай раніцы

120802 Malina_SM.mp3

"Гэта ўжо другі, першы быў распісаны "Ляпис Crew", як мае быць, але яго ноччу знесла кудысьці", - шкадуе гаспадар аднаго з бліжэйшых бел-чырвона-белых сцягоў, што лунаюць над намётавым мястэчкам фестывалю "Соседний мир".

Сам ён з Запарожжа, але ў кампаніі з розных краін, таму пад беларускім сцягам развіваюцца і нацыянальныя ўкраінскі ды расійскі. Хлопцы шчыра прызнаюцца, што ехалі дзеля выступу гурта "Ляпис Трубецкой" і не дарма, лідар гурта не забыўся пра сваіх самых адданых прыхільнікаў.

"Нам прыемна, што адбываецца своеасаблівая камунікацыя, канструктар працуе і набывае пэўныя знакавыя і вельмі прыгожыя рысы, - раптоўна не вершамі звярнуўся да публікі Сяргей Міхалок. - Зараз вельмі нахабная, дзёрзкая, і, натуральна, нясціплая песня. Гэта дэвіз нашага невялікага калектыву. Мы вельмі старыя і дзеля таго каб сабрацца перад новым рашучым мастацка-паэтычным боем мы пракручваем у галаве гэтую песню і яна часта дапамагае нам перамагаць у вельмі складаных бітвах. Ну што ж, вельмі нахабна і дзёрзка: "Ляпис Crew"!"

Гадзінны канцэрт "Ляпісаў" адгрымеў незаўважна, праціснуцца да сцэны ніякай магчымасці не было. Натоўп жыў сваім уласным жыццём, як марская хваля, то ўздымаючыся, то прысядаючы на пясок, то зноў ускокваючы ў вар'яцкім слэме.



"Мала хто знаёмы з нашымі самабытнымі, андэграўнднымі, “чоткімі” артыстамі і сёння пасля нашага выступу просім усіх падтрымаць нашых хлопцаў! І вы зразумееце, што мы ўжо вельмі старыя, але мы ўжо гатовыя перадаць эстафету больш таленавітым, лютым, надзейным і дужым хлопцам, - заклікае Сяргей Міхалок усіх прысутных на "Беларускую ноч", якая і закрые фестываль "Соседний мир-2012".

Апошняй песняй "Ляпісы" граюць "Belarus Freedom". - Мы цвёрда перакананыя, што акупацыя ўсёй некалі вольнай прасторы пачалася менавіта з нашай маленькай, але ганарлівай краіны. Акупацыя пачалася менавіта з Беларусі, і потым гангрэна пачала распаўзацца па ўсёй тэрыторыі былога СССР. Але мы спадзяемся, што і вызваленне пачнецца з нашай краіны і радасць свабоды пераможа!"

Распачаў “Беларускую ноч” гурт Energy. Праўда, паставіць менавіта Energy на адкрыццё "Беларускай ночы" было стратэгічнай памылкай: прыхільнікаў "Ляпісаў" не надта натхняе электрапанк. Як вынік, пад сцэнай "Солнце" засталося не так шмат людзей, як хацелася ды планавалася першапачаткова. Затое ўсе, хто застаўся, безумоўна не пашкадавалі. Больш дужыя няспынна танчылі, больш стомленыя улягліся наўпрост перад сцэнай і спалі, слухалі ды глядзелі.

Energy вынеслі столькі апаратуры, што потым прыбіралі яе каля 20 хвілін:)

J-J Bingz

"Радасна, мора, сонца, піва, а потым выступ, а потым эйфарыя, - дзеліцца ўражаннямі ад удзелу ў фестывалі лідар гурта J-J Bingz Слава Жук. - І прыходзіць разуменне, што ты выступіў, у прынцыпе, побач з такімі крутымі чувакамі, як, напрыклад, "Ляпісы". Прычым, гэта там так адбываецца. Калі выступаеш у Мінску, то гэта ўсё неяк "ну прыехаў, выступіў", а тут адчуванне што mission completed!".

Падобнае ўражанне было і ў астатніх удзельнікаў "Беларускай ночы", а гурт Step Hall так запаліўся выступамі "Йо-Йо" ды Nizkiz, што вырашыў адыграць на фестывалі яшчэ адзін канцэрт. Нягледзячы на тое, што было ўжо блізка да пятай раніцы, а сонца даўно ўжо ўстала, хлопцы выканалі некалькі сваіх баевікоў і зладзілі незабыўны джэм з усімі беларускімі музыкамі. Нават мясцовы керчанскі малады бубнач не вытрымаў і сціпленька папрасіўся выйсці паджэміць. Яго так заглынула, што бубначу Step Hall давялося літаральна ўпрошваць пусціць яго за ўстаноўку зноў.

Йо-Йо

Nizkiz


"Я адчуваю гонар не толькі за свой гурт, які стомлены, без сну ўсё ж выйшаў ды адыграў, але і за ўвесь народ, - ужо сіпіць вакаліст Step Hall Андрэй Бібікаў. - Была бачная моц і воля менавіта беларусаў. І гэта было крута. Джэм быў шыкоўны, перакананы, што ім мы ўразілі ўвесь "Соседний мир".

Step Hall


Дзіўна, што ўсе ўдзельнікі "Беларускай ночы" прыехалі на фэст без уласных дыскаў. І, вядома, шкадавалі, бо новыя аматары беларускага року гатовыя былі аддаць усё што заўгодна за пласцінку з песнямі мінчукоў. Тым больш, што ўсе музыкі працуюць над новымі альбомамі. Магчыма, што "Йо-Йо", Step Hall ды J -J Bingz выдадуць альбомы прыкладна ў адзін час, ва ўсялякім выпадку, новыя рэлізы гуртоў плануюцца на верасень. Тады і прэзентаваць іх можна будзе ўсім разам, і такім чынам паўтарыць непаўторную "Беларускую ноч" фестывалю "Соседний мир-2012". Тым больш, пасля пяці дзён праведзеных разам музыкі гуртоў сталі сапраўднымі сябрамі, але пра гэта ў наступнай справаздачы Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі