Беларусь не перавяла стрэлкі і вярнулася ў часы СССР

111031 Kustouski chas.mp3

У Інстытуце метралогіі не выключаюць, што ў будучыні мы зноў будзем пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў на зімовы час.

“Відавочных мінусаў няма. Усё роўна жыццё пакажа. Калі памыліліся, то яшчэ раз будзе разглядацца пытанне. Па сутнасці, мы засталіся на тым часе, які быў у Савецкім саюзе, калі ўспамінаць усю гісторыю пераходаў”,начальнік сектара часу і частаты Беларускага дзяржаўнага інстытута метралогіі Аляксандр Галыга не бачыць праблемы ў тым, што цяпер час у Беларусі не супадае ні з кім з суседзяў.

Пасля рашэння беларускіх уладаў, не пераходзіць на зімовы, час Беларусь апынулася ў адным гадзінным поясе з краінамі Блізкага Усходу і Усходняй Афрыкі. Гадзіннікі ў Беларусі паказваюць столькі ж, колькі ў Іраку, Саудаўскай Аравіі, Емене, Кеніі, Самалі, Эфіопіі, Угандзе, Танзаніі і на востраве Мадагаскар.

Паўсюль у Еўропе, акрамя Калінінградскай вобласці Расіі, час адрозніваецца ад беларускага. Розніца з суседняй Польшчай цяпер складае 2 гадзіны, з Літвой, Украінай і Ізраілем — 1 гадзіну.

Звычайная розніца ў 1 гадзіну засталася і з Расіяй, якая таксама не перайшла на зімовы час.

Аляксандр Галыга мяркуе, што Еўропа таксама можа адмовіцца ад пераводу гадзіннікаў. Але спачатку трэба, каб гэтае рашэнне ўхвалілі ўсе 27 краін Еўрапейскага саюза.

А вось Украіна, якая спачатку таксама адмовілася ад пераводу гадзіннікаў, усё ж такі перавяла час разам з Еўропай. Але гэта далёка не канчатковае рашэнне.

“З эканамічнага пункту гледжання, здаецца, ніхто не лічыў. Дарэчы, наша Рада вырашыла захаваць перавод і за гэты час сапраўды разабрацца, ці ёсць эканамічныя выгады ці яшчэ якія, і канчаткова прыняць рашэнне”, — распавядае Еўрарадыё дырэктар украінскага Навуковага цэнтра частотных і лінейных вымярэнняў Уладзімір Раманько.

Паводле яго словаў, праблемы з раскладам аўтобусаў ці цягнікоў, з якімі сутыкнулася Беларусь пасля новаўвядзенняў, лёгка вырашаюцца. А тое, што Беларусь не супадае па часе ні з кім з суседзяў, таксама не страшна.

Уладзімір Раманько: “У Расіі было 9 гадзінных паясоў, а цяпер 7 — ніколі праблемы не было. Праз Украіну праходзіць 3 гадзінныя паясы, а прывязваемся да аднаго — таксама праблемы ніколі не было”.

З “новым” часам у нядзелю шмат хто заблытаўся, бо мабільнікі і камп’ютары адматалі на гадзіну назад. Але як распавяла Еўрарадыё намеснік начальніка мінскага Чыгуначнага вакзала Таццяна Юркевіч, тых, хто спазніўся на цягнік, 30 кастрычніка не аказалася.

Таццяна Юркевіч: “У нас ніякіх скаргаў не было. Дзяжурныя па вакзале адпрацавалі і нічога не паведамлялі. Няма ніводнага запісу, ніводзін чалавек на звяртаўся да дзяжурнага па вакзале”.

Абышлося ўчора без спазненняў і ў аэрапорце “Мінск-2”. Як і на “Цэнтральным” аўтавакзале, дзе карэспандэнта Еўрарадыё запэўнілі: калі б спазніліся — дакладна б звярнуліся ў касы.

Аўтавакзал “Цэнтральны”: “Ну што значыць махнулі — квіткі зараз дарагія. Калі б спазняліся, мы ж выпісваем спазненне, але ніякіх парушэнняў у нас не было. На аўтобусы спазненняў не было, ніхто не звяртаўся”.

Фота: Вікіпедыя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі