Бацькі Дзмітрыя Рака вязуць сына на лячэнне за свой кошт

5 гадоў таму абарвалася спартовая кар’ера Дзмітрыя Рака. Падчас трэніроўкі на этапе Кубка свету ў кітайскім горадзе Цзілінь 30-гадовы беларускі фрыстайліст упаў і атрымаў цяжкую траўму галавы і шыі. Еўрарадыё распавядала пра тое, як ратавалі Дзмітрыя і як праходзіла яго рэабілітацыя.

Па словах маці Дзмітрыя, узнаўленне спартсмена працягваецца дагэтуль.

“Ну, што пра гэта казаць? Не ведаю, – уздыхае Лідзія Рак. – Нам трэба лячыцца, узнаўляцца. Мы зараз нічога казаць не будзем, мы едзем з Дзімам на лячэнне”.

Лячэбны курс працягнецца месяц. Па словах Лідзіі Рак, сям’я Дзмітрыя аплаціла яго самастойна.

“Ён не ідзе на папраўку, – распавядае сябра Дзмітрыя Рака, славуты беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын. – Але бацька яго не хоча пра гэта размаўляць, і маці таксама”.

Па словах Грышына, апошнім часам бацькі Рака засталася амаль без дапамогі. Летась фрыстайліст на свой страх і рызыку зладзіў акцыю “Георгіеўская стужка”, прыбыткі ад якой мусілі пайсці ў фонд дапамогі спартоўцам-інвалідам. 23 лютага 2011 года чорна-аранжавыя стужкі з’явіліся ў крамах па ўсёй Беларусі. Але беларусы не пажадалі іх набываць.

Аляксей Грышын: “Акцыя спрацавала ў вялікі мінус. Яшчэ і я згубіў грошы… На жаль, людзі набылі не вельмі шмат стужак. А дакладней, вельмі няшмат. На гэты момант я страціў прыкладна 20 тысяч долараў. Лепш бы я аддаў гэтыя грошы Дзіме”.

Грышын пакуль што не збіраецца спыняць акцыю і спадзяецца, што людзі ўсё ж такі падтрымаюць спартсменаў, якія ахвяравалі здароўем для высокіх спартовых дасягненняў нашай краіны.

У адказ на пытанне: калі вы апошні час клапаціліся пра здароўе Дзмітрыя Рака — ад фрыстайлістаў і трэнераў найчасцей чуеш прыслоўе “на жаль”.

“Я доўгі час ужо, на жаль, не сустракаўся з ім і не размаўляў. Забегаўся тут… Ды і вядзем мы зараз падрыхтоўку да сур’ёзных мерапрыемстваў. А можа, і варта было б лішні раз пацікавіцца, як там…”, – сумеўся трэнер нацыянальнай каманды фрыстайлістаў Анатоль Пастухоў.

Рэдка заглядае да Дзмітрыя Рака і Аляксей Грышын:

“У мяне, на жаль, не часта атрымліваецца з ім бачыцца. Па-першае, я ўвесь час у раз’ездах. А па-другое, гэта невыносна – бачыць яго ў такім стане. Псіхалагічна – вельмі складана. Мы стэлефаноўваліся. І я магу сказаць, што… Не адчувае ён сябе добра”.

Па словах Грышына, цяжкае і страшнае ўражанне гісторыя Дзмітрыя Рака робіць на маладых спартоўцаў:

Аляксей Грышын: “На жаль, у нас вось так. Я не ведаю, куды глядзяць чыноўнікі. Яны ж разумеюць, што навокал адны спартоўцы. Тыя, хто спортам прафесійна займаецца, усё гэта бачаць. І разумеюць, што, не дай Божа, з кожным можа нешта адбыцца. І такое ж стаўленне будзе да іх таксама… Ведаеце, як гэта бывае: балалайка калі грае – усё добра. А калі струна парвалася — яе ў бок адклалі, і новую ўзялі…

Вось у мяне зараз праблема са спінай. І калі я апошні раз звярнуўся ў Міністэрства спорту і турызму, каб мяне накіравалі на лячэнне на Нарач, мне адказалі прыкладна наступнае: “Дык ты ж заробак атрымліваеш! Гэта адмыслова табе на лекі, на лячэнне”.

Па словах Анатоля Пастухова, які сумяшчае трэнерскую працу з пасадай сакратара Федэрацыі фрыстайла, нейкая дапамога ад дзяржавы Дзмітрыю Раку ўсё ж паступае. Апошнія дакументы на гэты конт ён бачыў увосень.

Фота: Interfax.by.

Я не ведаю, куды глядзяць чыноўнікі. Тыя, хто спортам прафесійна займаецца, усё гэта бачаць. І разумеюць, што, не дай Божа, з кожным можа нешта адбыцца. І такое ж стаўленне будзе да іх таксама… Ведаеце, як гэта бывае: балалайка калі грае – усё добра. А калі струна парвалася — яе ў бок адклалі, і новую ўзялі…

Дзмітрый Рак – удзельнік зборнай Беларусі па фрыстайле з 1994 па 2007 гады, выступаў на двух чэмпіянатах свету і на дзвюх Алімпіядах (2002, 2006). Уваходзіў у дзясятку лепшых фрыстайлістаў свету. Атрымаў цяжкую траўму 10 снежня 2006 года падчас этапу Кубка свету ў Кітаі. Лекары выявілі ў яго кровазліццё ў мозг. Доўгі час Дзмітрый быў у коме. У 2009 годзе НАК выдзеліў спартсмену дапамогу ў 25 мільёнаў рублёў для месячнай рэабілітацыі ў Маскве.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі