Журы Басовішча-2011 паказала "дулю"(дадаліся фота)

У польскім Грудку адбыўся 22-і па ліку фестываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”. Галоўнай падзеяй сёлетняга фэсту стаў конкурс маладых выканаўцаў, а дакладней, яго вынікі: гран-пры атрымаў невядомы дагэтуль мінскі гурт Yellow Power.

Yellow Power(вельмі шчыры гурт)

З вынікамі конкурсу не пагадзілася большасць музыкаў і публікі — гурт яўна не дацягваў да звання пераможцаў з-за невысокага ўзроўню выканання. Аднак сябра журы Таццяна Заміроўская звяртае ўвагу на незвычайнасць музычнага матэрыяла калектыва. Менавіта ён і стаў прычынай арыгінальнага рашэння экспертаў.

Таццяна Заміроўская: “У цэлым узровень гуртоў дастаткова аднолькавы. Ёсць тыя, якія вельмі цікавыя, вельмі крэатыўныя, і песні ў іх вельмі незвычайныя, але яны не вельмі добра граюць. Як тыя ж пераможцы, напрыклад. Можна заўважыць, што ім трэба падвучыцца, але ў іх ёсць патэнцыял, у іх ёсць будучыня, бо яны граюць вельмі сучасную цікавую музыку — псіхадэлічны пост-панк”.

 

Першапачаткова журы вырашылі адмовіцца ад гран-пры, маўляў, ніхто з гуртоў “не выбухнуў” па-сапраўднаму, і падзяліць галоўны прыз паміж дзвюма камандамі — “Гаротніцай” і Yellow Power. Аднак правілы конкурсу патрабавалі аднаго пераможцу. І двое з трох сябраў журы (Міхал Аўчарэк — журналіст Польскага Радыё (Trójka - Polskie Radio), Багуслаў Каспэрук — музыка Zero-85 і музычны крытык Tаццяна Заміроўская) прагаласавалі. За Yellow Power.

Таццяна Заміроўская: “Аб’ектыўна лепшым гуртом быў “Гаротніца”, бо яны самыя сыграныя з усіх, у іх самая шчыльная і моцная праграма. Увогуле проста немагчыма параўноўваць іх і ўсіх астатніх — адразу можна зразумець, што выбіраць трэба “Гаротніцу”, і гэта відавочна было ўсім. Але ўзнікла дылема, што яны і так вядомыя, яны і так усяго дасягнуць, у іх і так ужо ўсё ёсць, яны і так будуць выступаць па ўсялякіх фестывалях. А тыя ж Yellow Power, напрыклад, — яны шматабяцальныя, але яны наогул яшчэ зусім ніхто. Я думаю, што на такіх конкурсах трэба абіраць гурты, якім трэба даць нейкі штуршок”.


Самі Yellow Power не чакалі такога павароту падзей і былі ўпэўненыя ў перамозе “Гаротніцы”, якая выглядала сапраўды вышэй на галаву за астатніх канкурсантаў. Музыкі кажуць, што могуць граць лепш і што не спыняцца на дасягнутым.

Yellow Power:Мы паказалі далёка не ўсё, на што здатныя на гэтай сцэне. Гэта хутчэй быў крок назад на тое, што мы ёсць цяпер. Напрыклад, цяпер з намі сесійны бубнач, а не асноўны, і трэба было падымаць наноў усё, што мы рабілі. Я не думаю, што для нас перамога будзе як ступар, як стоп. Паколькі для нас перамога на “Басовішчы” ніколі не была мэтай: перамаглі мы ці не перамаглі, мы проста б далей ішлі і развіваліся”.


Дарэчы, пераможцы мінулагодняга “Басовішча” і адны з найбольш цікавых і актуальных удзельнікаў сёлетняга фэсту магілёўскі гурт Akute слушна выкарысталі атрыманы грашовы прыз – запісалі ўдалы і папулярны альбом “Дзевачкі і Космас”. Для музыкаў фэст стаў кропкай адліку.

Akute: “Басовішча – першая прыступка, да якой мы імкнуліся. Другая была Be2gether – мы там таксама былі. Трэцяя – мы б хацелі выступіць на міжнароднай касмічнай станцыі”.

Канцэрт сумеснага праекту Port Mone і ДахаБраха - адзін з найлепшых момантаў "Басовішча"


Відавочным плюсам “Басовішча” стаў працяг дзеяння новага фармату фэсту, які дазволіў гледачам пазнаёміцца з гуртом Yellow Brick Road і сумесным праектам беларусаў Port Mone і ўкраінцаў ДахаБраха. Музыкі ніколі не імкнуліся на сцэну “Басовішча” з розных прычынаў, аднак кожны знайшоў у фестывалі нешта станоўчае для сябе. Для Port Mone гэта — аб’яднанне.

Аляксей Варсоба: “Я да канца ўсё-такі не адчуў, у мяне няма цэласнага ўражання ад фэсту. Але, хутчэй, ёсць станоўчы момант. Мне вельмі прыемна, што адбываецца аб’яднанне. Для мяне гэта найбольш істотнае. І нават калі ўсё вельмі кепска, гэты момант для мяне закрывае ўсе астатнія”.

Port Mone і ДахаБраха


Для Yellow Brick Road гэта — знікненне яскрава палітычнай афарбоўкі мерапрыемства.

Yellow Brick Road: “Калі шчыра, не, таму што тут палітычная падаплёка нейкая існавала заўсёды. Неяк так павялося ў нас, што мы чамусьці пазбягаем гэтага, можа, гэта і няправільна. Мы пагадзіліся на ўдзел, таму што нас запэўнілі ў тым, што цяпер усё памянялася, усё па-іншаму. Трэба з нечага пачынаць. Мы паверылі — і мы не расчараваныя”.

Neuro Dubel


Ва ўсім астатнім "Басовішча" засталося ўсё тым жа фэстам са сваімі "фірмовымі" хібамі і, часам, шчыра невысокім узроўнем удзельнікаў. Аляксандр Кулінковіч, чый гурт Neuro Dubel выступіў у якасці хэдлайнера другога фестывальнага дня і з’явіўся адзінай прысутнай на “Басах” легендай беларускага року, лічыць няправільным адсутнасць у праграме астатніх айчынных легенд. Аднак невядома, ці вярнула б цікавасць да фэсту вяртанне старога выключна беларускамоўнага фармату. “Басовішча” губляе сваю сацыяльна-грамадскую значнасць, пра што сведчыць адсутнасць сталых гледачоў, вялікай тусоўкі за сцэнай, бел-чырвона-белых штандараў і цікавасці ўласна да беларускай музыкі. Магчыма, сітуацыю выратуе знакаміты на ўвесь свет хэдлайнер, а можа, варта арганізатарам націснуць на паўзу?

Польскі гурт Beton

Ізноў палякі Tymon and Transistors

Neuro Dubel

IQ-48 і Аляксандр Памідораў


Інтэрв'ю з Дзянісам Пуцікавым - вакалістам пераможцаў сёлетняга "Басовішча" Yellow Power - чытайце тут.

Фота з першага дня фэста глядзіце тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі