"Аўтарадыё": Радыё "Сталіца" будзе граць на могілках

120328 Nasta Avtiradio.mp3

На мінулым тыдні прайшло нават пробнае тэставанне. А пераход з УКХ у ФМ-дыяпазон адбудзецца ў красавіку. Пра тое, што частату 105,1 МГц аддалі радыё “Сталіца”, распавёў Еўрарадыё дырэктар станцыі Алег Міхалевіч:

“105,1 — так, нам выдзелілі гэтую хвалю. Хутчэй за ўсё, пачнем на ёй вяшчаць у красавіку. На мінулым тыдні ўжо было пробнае тэставанне”.


Паказальна, што “Аўтарадыё” пра гэта нават не паведамілі, кажа дырэктар гэтай радыёстанцыі Юрый Базан:


“Прынамсі Міністэрства сувязі павінна было нам хаця б паведаміць, што гэтыя частоты камусьці перадаюцца! Мы ж за іх заплацілі. Ажно па 31 сакавіка. А ў нас няма паведамлення пра тое, што гэтыя частоты камусьці перадалі”.


За частату, якую сёння перадалі радыё “Сталіца”, закрытая радыёстанцыя плаціла ўвесь год, і сума набегла немалая, — працягвае Юрый Базан.


Юрый Базан: “Калі лічыць у беларускіх, за год атрымалася мільёнаў 15-16. І мы заплацілі за наступны квартал ужо”.


Дырэктар "Аўтарадыё" кажа, што будзе абскарджваць прынятае рашэнне! Юрый Базан абураецца: чаму не было ніякага конкурсу на частату і хто яму верне грошы?


Дырэктар радыё “Сталіца” распавёў, якім чынам ім перадалі частоты "Аўтарадыё".


Алег Міхалевіч: “Мы падалі заяўку, каб нам далі частату ў ФМ-дыяпазоне. Нам сказалі, што дадуць, рыхтуйцеся…  Сказалі, што, хутчэй за ўсё,  гэта будзе 105,1”.


Між тым, як юрыдычная асоба "Аўтарадыё" працягвае існаваць. Але, як кажа Юрый Базан, прасіць вылучэнне новых частот яны не будуць!


Юрый Базан: “Я не збіраюся падаваць заяву на нейкія новыя частоты. Нам выдзеленая частата. Мы на ёй прапрацавалі 10 гадоў. Чаму "Сталіца" не звярнулася па выдзяленне нейкага новага рэсурсу? Фактычна яны будуць граць на могілках, пастаянна”.


Нагадаю, пра тое, што частату 105,1 МГц, верагодна, перададуць радыё “Сталіца”, стала вядома яшчэ ў студзені 2012-га. 

12 студзеня 2011 года рэдакцыя "Аўтарадыё" атрымала прадпісанне Мінcувязі аб спыненні дазволу на права выкарыстання частот. Загад аб спыненні вяшчання гэтай радыёстанцыі быў вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. На ім стаяў подпіс старшыні камісіі Алега Праляскоўскага.

Афіцыйнай прычынай пазбаўлення радыёстанцыі частот стала “невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”. Падчас выбарчай кампаніі "Аўтарадыё" пускала ў эфір ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава і Някляева, дзе тыя заклікалі прыходзіць “на Плошчу”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі