Аўтар песні “Я из деревни”: Патрыятызм мусіць ісці за модай!

"Я из деревни" Ксеніі Дзягелька: рынгтоны ад Еўрарадыё

Ксюша Дзягелька: У мяне ёсць міні-спаднічка, але я яе даўно не апранала!

Калі кліп Ксюшы Дзягелька “Я из деревни” трапіў на Youtube, байнэт не паверыў у тое, што гэта шчыры твор. Каментатары адно за адным сыходзіліся ў думцы, што гэта псеўдапатрыятычны сцёб. Але аўтар песні, акампаніятар з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г/п Акцябрскі Андрэй Павук, распавядае Еўрарадыё, што песню пісалі з сур’ёзнымі намерамі:

Андрэй Павук: “Прыйшла да нас папера, што да конкурсу, які 25 красавіка будзе праходзіць у Мазыры, зняць сацыяльны ролік. Мы пачалі думаць. Глядзець, што зараз модна. А гэта рэп, r’n’b. І вырашылі: а няхай бы Ксенія прачытала патрыятычнае і рэпавае. Я думаю, што патрыятызм мусіць ісці за модай, таму лічу, што атрымалася ўдала. Мінусоўку я спампаваў з інтэрнэта, там ёсць банк для свабоднага пампавання. Сабралі мы ўсё, што ведалі пра беларускія дасягненні, і пачалі ўсё гэта па крысе рыфмаваць. Каб гучала патрыятычна і годна”.

Андрэй запрашае мяне да сябе ў Акцябрскі. Кажа, гарадскі пасёлак вельмі прыгожы, і там шмат славутасцяў. Сваю “вёску” ён любіць: “Гэта неяк само ўзнікла паміж куплетамі”, ― распавядае ён пра назву песні.

Андрэй Павук: “Хацелася нешта такое сказаць, бо вёска зараз адраджаецца. А заўжды была дыскрымінацыя людзей з вёскі. Што яны нейкія забітыя… А насамрэч вёска ― гэта рухавік усёй беларускай эканомікі. Таму гэта, насамрэч, мусіць гучаць годна. Шмат хто можа падумаць нешта ў свой бок, калі чуе нашу песню. Але мы пісалі “Я из деревни” так, каб гэта гучала годна, і каб за вёску было не крыўдна”.

Андрэй Павук упэўнены, што песня будзе гучаць і пасля конкурсу “Я – лідар”, для якога прыдумлялася.

Андрэй Павук: “Мяркуючы па тым, што ўжо за гэтую раніцу столькі меркаванняў, цікавых і не вельмі, песня, напэўна, зробіцца вядомай. Можа, яе будуць спяваць пад гітару ля вогнішча, а можа, яна зробіцца скандальнай. Але, напэўна, мы яе яшчэ пачуем!”

Андрэю Павуку 29 гадоў. Ён працуе акампаніятарам цэнтра дзіцячай творчасці з г/п Акцябрскі. Грае на гітары, цікавіцца музыкай і спецэфектамі. Ксенія Дзягелька – гэта першая яго вучаніца, якая ўзняла такую хвалю водгукаў у інтэрнэце. Напрыклад, у кам’юніці фанатаў песні ў “вКонтакте” 18 красавіка абвяшчаюць днём міні: “Апранайце спаднічкі! Фоткайце ножкі! Выкладайце ў сеціва!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі