Аўтамабіль пасля маўклівай акцыі прастаяў на штрафстаянцы 7 месяцаў

Штрафстаянкі не аддаюць аўто па першым патрабаванні ўладальнікаў, пакуль тыя не аплацяць штраф і паслугі. Некаторыя выкладваюць грошы, іншыя змагаюцца з несправядлівасцю, бо лічаць гэта незаконным. Але часта гэта зацягваецца надоўга. Так, машына Юрыя Марозава з Кобрына прастаяла на штрафстаянцы 7 месяцаў!


"Забралі 29 чэрвеня. Яна прастаяла 7 месяцаў і хутка ўжо будзе два тыдні. Гэта была серада, калі ў нас на плошчы ўсе стаялі і мычалі. Вось і я прыехаў памычаць. А каб было больш эфекту, машына паламалася прама там".


Пасля затрымалі міліцыянты. Адвезлі на экспертызу, яна паказала алкаголь. Машыну забралі на штрафстаянку, без складання пратакола, а ўладальніка адвезлі у РУУС.


"Няма сведак, што я кіраваў у стане алкагольнага ап’янення. Таму што піў ужо калі выйшаў з машыны. Ёсць доказы, што аўто ў няспраўным стане і ехаць больш не магло".


У міліцыі, па словах Юрыя, ён адмовіўся падпісваць паперы, яго збілі, але экспертыза прызнала, што спецсродкі прымяняліся ў межах закона. Праўда, больш за тыдзень хлопцу давялося прабыць у бальніцы. Праз 9 дзён адразу пайшоў на штрафстаянку. Там адмовіліся аддаваць машыну, бо патрэбны дазвол ад ДАІ.


"Пасведчанне кіроўцы было адабранае за парушэнне, узамен выдаецца часовы дазвол. Можна прыйсці з ім у ДАІ і забраць машыну", – тлумачаць працэдуру ў мінскай ДАІ. Па гэтым часовым пасведчанні можна ездзіць пакуль ідзе абскарджанне і можна забраць машыну са стаянкі. Дазвол Юрый атрымаў, але прайшло 9 дзён і стаянка выставіла рахунак, які той аплачваць не захацеў і пачаў судзіцца.


Праз доўгія месяцы цяжбаў суд прыняў рашэнне на карысць аўтаўладальніка і машыну можна будзе забраць 10 лютага, калі рашэнне суда набудзе моц.


"Мне вяртаюць машыну па першым патрабаванні. Плюс, яны павінны мне аплаціць юрыдычныя паслугі. Але гэта яшчэ не канец. Я буду патрабаваць кампенсацыі шкоды. Там у мяне колы пустыя стаяць, драпіны з'явіліся".


Юрый спрабаваў вярнуць адабраныя правы. Суд два разы прымаў рашэнне на яго карысць, адмяняючы пастанову з-за недахопу доказаў. Але тут перамагчы не атрымалася, цяпер справа ў абласным судзе. А заява на ўладальніка паркоўкі за самаўпраўства ўжо ў Вярхоўным.


Праблемы са стаянкай магло б не быць, калі б машыну мог забраць нехта іншы па дакументах. Але ў нас аддаюць толькі ўладальніку ці па даверанасці.


"Мы аддадзім каму заўгодна, – кажуць на штрафстаянцы. – Але ў ДАІ пячатку паставяць толькі ўладальніку".


Як высветліла Еўрарадыё, усё штрафстаянкі і ДАІ кіруюцца пастановай Саўміна 666. Там сапраўды прапісана, што аўто вяртаецца па першым патрабаванні, пасля правядзення неабходных працэсуальных дзеянняў па факце правапарушэння.


Хто можа забраць машыну са штрафстаянкі?


ДАІ настойвае, што ўладальнік, ці па даверанасці. Аўтааматары, што любы чалавек з дакументамі ад машыны. У пастанове 666, з апошнімі зменамі напісана, что гэта можа зрабіць уладальнік ці асоба ўпаўнаважаная па даверанасці. У папраўкі, якія ўнеслі ужо год таму, дадалі яшчэ радок:


"Іншыя асоба, якая паказала пасведчанне аб рэгістрацыі (тэхпашпарт, тэхталон) на транспартны сродак".


Наконт аплаты паслуг штрафстаянкі ў законе прапісана, што гэта павінен рабіць парушальнік:


"Затраты, звязаныя з прымусовай эвакуацыяй транспартнага сродка на ахоўваемую стаянку і яго захоўваннем, пакрываюцца асобай, якая зрабіла правапарушэнне. У тым ліку і расходы арганізацыі, ва ўласнасці, якой знаходзіцца сродак эвакуацыі. У выпадку адмовы асобы ад пакрыцця ўказаных затрат яны спаганяюцца ў судовым парадку".


А яшчэ, паводле пастановы 666, аператыўная служба павінна неадкладна паведаміць уладальніку аб эвакуацыі транспартнага сродку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі