Атрошчанкаў: З-за мяжы можна зрабіць больш, чым з-за кратаў

Еўрарадыё папрасіла Аляксандра Атрошчанкава пракаментаваць прычыны ад'езду. Ці звязана гэта з нейкім ціскам у апошні час?

Аляксандр Атрошчанкаў: "Ціск не спыняўся з моманту майго вызвалення года таму. Рашэнне было прынята ў сувязі з сітуацыяй, якая была падчас майго вяртання ў краіну пасля міжнароднай канферэнцыі. Я ехаў цягніком Орша-Мінск. За некалькі станцый да Мінска па адным у цягнік пачалі заходзіць людзі ў цывільным. Я тады зразумеў, што рыхтавалася ці то спроба захопу, арышту, ці акцыя запалохвання. Я здолеў пазбегнуць гэтага, і вырашыў, што знаходжанне ў краіне небяспечна для свабоды".


Спачатку Аляксандр Атрошчанкаў выехаў адзін, пазней забраў у Варшаву сына з жонкай.


"Пасля году зняволення я працягнуў сваю працу ў Беларусі, наколькі гэта было магчыма, — працягвае Атрошчанкаў. — Да апошняга моманту я не збіраўся з'язджаць з краіны. Зразумела, гэта вельмі не простае рашэнне, яно цяжка далося ўсім нам. Але сапраўды з-за мяжы можна зрабіць больш, чым з-за кратаў, ці ў сітуацыі, калі ты становішся фактычна закладнікам".

Нагадаем, што нядаўна вырашыў не вяртацца з Вялікабрытаніі ў Беларусь і Андрэй Саннікаў.

Аляксандру Атрошчанкаву 31 год. Ён нарадзіўся ў Мінску, вучыўся на факультэце міжнародных адносінаў БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасць, якой займаўся ад 2001 года. Браў удзел у шматлікіх акцыях, неаднаразова затрымліваўся. 20 снежня 2010-га Аляксандра Атрошчанкава затрымалі ў чарговы раз, утрымлівалі ў СІЗА КДБ. У сакавіку 2011 года па "справе Плошчы" асуджаны на 4 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Атрошчанкаў быў памілаваны і вызвалены ў верасні 2011-га. Разам з ім у Польшчу з'ехалі жонка і сын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі