Аштрафаваны настаўнік фізікі зноў публікуе пробнае тэсціраванне ў інтэрнэце

120523 Martin Testy.mp3

“Яны мяне штрафанулі, калі я ў другі раз выкладаў матэрыялы. Цяпер я ўжо выкладваю ў трэці раз, але не цалкам і са сваімі рашэннямі. Есць артыкул у аўтарскіх правах, калі выкладаць частку задання ў вучэбных мэтах, то пераследваць не могуць”, — тлумачыць настаўнік фізікі Аляксандр Саковіч. Падстрахаваўся.

Раней Аляксандру Саковічу далі штраф у 20 базавых за парушэнне аўтарскіх правоў Інстытута кантролю ведаў. Нібыта, Інстытут мае аўтарскае правы на ўсе пробныя тэсты.

Штраф у 700 тысяч рублёў — гэта прыкладна столькі, колькі Інстытут кантролю ведаў зарабляе на класе падчас пробных іспытаў. Адзін пробны тэст каштуе школьніку 30 тысяч рублёў.

“Хутчэй за ўсё, тыя пробныя тэсты, якія я апублікаваў, прайшлі ў Магілёве, а ў астатніх гарадах — яшчэ не. Але яны не публікавалі графік тэсціравання. У прынцыпе, яны проста зарабляюць грошы, а канкурэнтаў штрафуюць”, — кажа Аляксандр Саковіч.


Яшчэ адзін парушальнік — настаўніца замежнай мовы адной са школаў з Гомельскага раёну — не прызнала сваёй віны. Абышлася папярэджаннем. Яна апублікавала заданні са сваімі адказамі да пробных тэстаў па замежнай мове ў блогу, пасля правядзення рэпетэцыйнага тэсціравання ў Гомельскай вобласці.

За тэсты наказваюць нават школьнікаў. На сайце выкладчыка фізікі Аляксандра Саковіча нечакана знаходзім паведамленне:

“У мяне тая ж праблема. Я выклаў (цяпер няісны) варыянт рэпетыцыйнага тэсціравання па матэматыцы... Праз тры дні разбіральніцтва, праз два месяцы камісія па справах непаўналетніх —- у выніку паўгода на ўліку...“


Атрымліваецца, за публікацыю ў сеціве пробных заданняў Інстытута кантролю ведаў школьнікаў ставяць на ўлік?

У Інстытуце кантролю ведаў размаўляць пра аштрафаваных настаўнікаў і школьнікаў на ўліку камісіі па справах непаўналетніх не хочуць. Спасылаюцца на занятасць.

“Тэсты ў нас разглядаюцца як аб’ект абароны аўтарскіх правоў. Калі яны складаліся супрацоўнікамі інстытута ў межах іх службовых абавязкаў, усе правы на тэсты пераходзяць да інстытута. Таму тэарэтычна іх публікацыя можа быць парушэннем аўтарскіх правоў”, — расказвае юрыст Сяргей Зікрацкі.


“Аўтарскім правам абараняецца нешта новае і арыгінальнае. Ці з’яўляюцца арыгінальнымі задачы Інстытута кантролю ведаў?”, — задаюцца пытаннем настаўнікі на форуме. І прыводзяць дзве задачы па фізіцы, адну з тэстаў, другую — з падручніка. Яны амаль аднолькавыя! Хто ў каго?

Фота: adevarul.ro

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі