Apple Tea вярнуліся з Варшавы з новым, "жывым" альбомам

Аднойчы музыка Косця Гарачы заявіў сваім калегам па Apple Tea пра тое, што пісаць альбомы па трэках больш не будзе. Таму для запісу новага, “жывога” альбома легендарныя джазмэны кінуліся на пошук адмысловай студыі з добрым раялем для Косці. У Беларусі такой студыі не знайшлося. У выніку з падачы сябра гурта - польскага арганіста Яна Бакшчаніна музыкі спыніліся на Tokarnia Music Production пад Варшавай. І ўсё з-за раяля, распавядае бубнач гурта Аляксандр Сапега:


“У студыі быў вялізны раяль. Раяль гэты легендарны – ён 50 гадоў прастаяў у варшаўскай Sala Kongresowa, натуральна, можна сабе ўявіць, якія людзі за 50 год на ім гралі! Калі раяль “пайшоў на пенсію”, Ян Смачынскі, гаспадар студыі, выкупіў яго з “Залы Кангрэсовай”, пераставіў механіку, абнавіў яго і цяпер гэта сапраўдны інструмент з вялікай гісторыяй”.


У альбом увойдзе 10 кампазіцый. Сярод іх - добра вядомыя, але дагэтуль незапісаныя ці запісаныя не ідэальна п’есы кшталту “Pink Sigmund”, таксама новыя, як “Rio Breeze"  і “12/8” – кампазіцыя ў музычным памеры 12/8, назву якой музыкі прапануюць прыдумаць прыхільнікам. Апроч 9 п’ес аўтарства Ігара Сацэвіча, на пласцінку патрапіла п’еса "Kenny’s Tune" першага піяніста гурта Сяргея Лапкоўскага, які памёр напярэдадні запісу альбома. Усе п’есы, па словах Аляксандра Сапегі, вытрыманыя ў стылістыцы сучаснага джазу. Аднак, папярэджвае Сапега, будзе на пласцінцы і сюрпрыз.


Аляксандр Сапега: “Таксама мы запісалі “Apple Tea”. У нас ёсць тэкст, які напісала вядомая чэшская спявачка Весна, з якой мы супрацоўнічалі. Запіша песню Саша Захарык. Дзеля гэтага Весна будзе па Скайпе займацца з Сашай партугальскай мовай – вымаўленнем, пранонсам. Гэта будзе цікава. Песня будзе запісаная ў стылістыцы бразільскай музыкі, нават, музыкі серыялаў. Гэта будзе салодзенькая-салодзенькая песня”.


Апроч музыкаў Apple Tea у запісе пакуль безназоўнай пласцінкі таксама возьме ўдзел знакаміты польскі трубач Роберт Маеўскі. Рэліз альбома прызначаны на лістапад. У гэты ж час музыкі плануюць зладзіць вялікі канцэрт-святкаванне 20-годдзя Apple Tea, на якім і будзе прэзентаваны новы дыск гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі