Апошні польскі кароль дагэтуль пахаваны ў Беларусі? (фота)

 

За савецкім часам у Воўчынскім касцёле быў склад угнаенняў. Аднак цяпер храм актыўна аднаўляецца — ужо накрыты дах і ўсталяваная вежачка з гадзіннікам на ім. Да таго ж, сёлета спаўняецца 280 гадоў з дня нараджэння Панятоўскага — караля, які быў у 1732 годзе ахрышчаны ў гэтым касцёле, а пазней тут перапахаваны.

Так выглядаў Воўчынскі касцёл яшчэ ў 1960-я гады, калі тут быў склад угнаенняў. Фота: radzima.org

“Вікіпедыя” цвердзіць амаль адназначна, што Панятоўскі спачывае ў Варшаве, у кафедральным Саборы Святога Яна. Сапраўды, пры канцы 1980-х у Воўчын наведаліся дзве экспедыцыі — спачатку беларуская, потым польская. Усё, што знайшлі, сабралі і перапахавалі ў польскай сталіцы. Аднак ці выпадае ставіць кропку ў гэтай гісторыі? Паводле адной з версій, кароль дагэтуль тут…

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Панятоўскі памёр у 1798 годзе ў Пецярбургу. Было пышнае пахаванне, труну паставілі ў касцёл Святой Кацярыны на Неўскім праспекце. Там труна прабыла ажно да 1938 года, пакуль Сталін не сказаў палякам: забірайце свайго караля.

“Для польскіх уладаў гэта было нечакана, — распавядае даследчык тэмы Уладзімір Багданаў. — Сталі вырашаць, дзе яго пахаваць. У Кракаве на Вавелі, зразумела, было адмоўлена таму што ў яго была рэпутацыя караля-здрадніка. У Варшаве таксама не знайшлі месца выгнанніку. І такі кампрамісны варыянт выбралі у Воўчыне, дзе ён нарадзіўся”.

Уладзімір Багданаў

 

Пахаванне ў Воўчыне адбылося 14 жніўня 1938 года — на той час гэта яшчэ была Польшча. Да труны караля нават сталі вадзіць экскурсіі: Уладзімір Багданаў яшчэ заспеў у Воўчыне старажылаў, якія школьнікамі бачылі пахаванне манарха. Аднак праз год пасля пахавання пачалася Другая сусветная вайна, пасля якой Воўчын стаў савецкай вёскай.

Так выглядаў Воўчынскі касцёл да пачатку рэстаўрацыі

 

Уладзімір Багданаў: “У красавіку 1945 года ксяндзу Чышэвічу прапануюць пакінуць касцёл, адпраўляюць яго ў Польшчу. Таксама прапануюць і “забраць свайго караля”. Ксёндз адмовіўся, сказаў: “Не я яго сюды прывозіў, не мне і забіраць”.

 

Крыпту разрабавалі, а косткі караля раскідалі. Гэта таксама добра памятаюць сённяшнія воўчынцы.

 

Уладзімір Багданаў: Я асабіста сустракаўся з чалавекам, які трымаў у руках копію Польскай Кароны, якую таксама паклалі ў труну… Недзе да канца 1940-х людзі згадваюць, што ў труне яшчэ былі скрыні са спарахнелымі печанню і сэрцам караля…”

Першую экспедыцыю ў крыпту Воўчынскага касцёла арганізаваў у 1987 годзе Аляксандр Мілінкевіч — цяпер вядомы палітык, а тады дацэнт гродзенскага ўніверсітэта. Спадар Аляксандр пералічвае, што яны тады знайшлі ў крыпце.

 

Аляксандр Мілінкевіч: “Даволі многа тканіны знайшлі перш за ўсё, гэта каранацыйны плашч Панятоўскага з арламі, шытымі срэбрам і залатой ніццю. А ў цэнтры Цёлак (Цялел), гэта радавы герб Панятоўскіх… Былі абцасы, былі часткі трунаў. Бо там было тры труны. Цынкавая пайшла на вёдры каваль зрабіў для ўсёй вёскі…”

Аляксандр Мілінкевіч

 

Але ці была там хоць адна костка, хоць адна частачка рэшткаў самога караля?

Аляксандр Мілінкевіч: Тады не было. Мы пэўныя косткавыя часткі знайшлі, адвезлі ў Гродна. І нам спецыялісты сказалі не, яны жывёльнага паходжання”.

 

Уладзімір Багданаў дадае, што палякі прынялі версію, нібыта костак у труне да таго часу ўжо не было — маўляў, усе спарахнелі яшчэ ў Пецярбургу.

 

Уладзімір Багданаў: “Але мне ўдалося сабраць ад сведак, што косткі яны бачылі дакладна. Бачылі, што было многа сівых валасоў”.

Знаходкі экспедыцыі Аляксандра Мілінкевіча пасля аддалі палякам, бо тыя выказалі жаданне перапахаваць “караля-здрадніка”.

Аляксандр Мілінкевіч: Прыехала камісія з міністэрства, сказала, што палякі вельмі цікавяцца, хочуць перазахаваць… Мне гэта было неяк непрыемна. Бо ён і паводле паходжання беларус ад Чартарыйскіх паходзіць. Мне здавалася, што павінна і ў нас штосьці мемарыяльнае застацца. Але такі быў час каралі былі не ў модзе. Усё ж такі яшчэ савецкая была дзяржава”.

 

Палякі правялі сваю экспертызу зямлі з воўчынскай крыпты, нібыта выявілі там рэшткі костак — і на гэтым супакоіліся.

Аляксандр Мілінкевіч: “У Гданьску даследавалі зямлю, узятую з нішы. І выявілі, што яна з рэшткамі чалавечых касцей. Прытым хваробы гэтых чалавечых касцей адпавядалі тым хваробам, якія былі ў Станіслава Аўгуста”.

 

Уладзімір Багданаў разам з даследчыцай з Брэста Святланай Раманавай апыталі ў Воўчыне ўсіх старых жыхароў — і амаль упэўненыя, што кароль і цяпер спачывае ў воўчынскай зямлі.

 

Уладзімір Багданаў: “Калі пайшлі чуткі, што “караля скралі”, старажылы ўпэўненыя, што гэта была справа рук вартаўніка гміны Антона Пратасюка. Ён быў праваслаўны, вельмі набожны чалавек. Хутчэй за ўсё, ён проста не мог вытрываць, што так абыходзяцца з пахаваннем. Як лічаць у вёсцы, ёсць сведчанні: ён са сваім памочнікам (яго сляды губляюцца ў Казахстане, я спрабаваў яго знайсці), труну апусцілі ўніз, а самі парэшткі, відаць, перазахавалі кудысьці. Бо недзе з 1950-х гадоў ніхто не памятае, каб у труне нешта было”.

Уваход у крыпту, дзе быў пахаваны Панятоўскі

 

У Воўчыне пра караля нікому расказваць не трэба. На пытанне “ці ведаеце?...” мясцовыя нават крыўдуюць.

Бухгалтарка сельсавета: “Пра гэта ўсе ведаюць! Усе ведаюць, што Панятоўскі тут пахаваны! Яго ў даваенны час прывезлі з Ленінграда, усе гэта ведаюць!..”

Пра тое, што караля таемна перапахаваў іх зямляк, таксама чулі.

Бухгалтарка сельсавета: Чула, што так. Але ніхто не ведае, дзе гэтае пахаванне…”


Цяпер Воўчынскі касцёл аднаўляецца польскімі рэстаўратарамі. Фота: brestcity.com

На касцельнай вежы палякі аднавілі гадзіннік, які нават свеціцца ўначы. Фота: virtual.brest.by

Фота: virtual.brest.by

 

Ксёндз Ян Васілеўскі кажа, што для яго галоўнае цяпер — аднаўленне касцёла. У справе магілы Панятоўскага святар прымае польскую версію.

Ксёндз Ян Васілеўскі: “Пахаванне рэшткаў караля было ў Варшаве ў Катэдры, што яшчэ рабіць?.. Ксёндз-арцыбіскуп даў рашэнне, што гэта і ёсць рэшткі пахавання. А рэшткі гэта можа быць і дошкі, і тканіна, і гэтак далей. Гэта ў Варшаве, можна заехаць паглядзець”.

Сімвалічнае пахаванне Панятоўскага ў Варшаве. Фота: funeral-spb.ru

 

На пытанне, ці знойдзецца ў адноўленым храме нейкі мемарыяльны куточак для Панятоўскага, ксёндз адказвае выключна з рэлігійнага боку.

 

Ксёндз Ян Васілеўскі: “Выбачайце, выбачайце, я не па частцы музея, я па частцы літургіі”.

Інтэр'еры касцёла захаваліся адносна няблага, хоць ён і стаяў працяглы час без даху


Да версіі, што кароль дагэтуль тут, Уладзімір Багданаў дадае вельмі важкі аргумент.

 

Уладзімір Багданаў: Сведкам, які заслугоўвае абсалютнага даверу, з’яўляецца ўжо нябожчык кардынал Казімір Свёнтэк. У 2004 годзе мы сустракаліся па справе аднаўлення Воўчынскага касцёла, закранулі тэму пахавання. Свёнтэк згадаў, што прыкладна ў 1954 ці 1955 годзе, калі ён вярнуўся са сталінскіх лагераў у Пінск, прыйшоў ананімны ліст. Чалавек пісаў, што ён таемна сабраў у Воўчыне парэшткі апошняга польскага караля і перапахаваў. І гатовы паказаць гэтае месца. Але тады, у пачатку 1950-х гадоў, усе вырашылі, што гэта проста правакацыя і не сталі адказваць на гэты ліст”.

 

Даследчык намякае, што яму ўдалося нават прыблізна вызначыць месца, дзе вартаўнік гміны мог перапахаваць караля.

Уладзімір Багданаў: “Месцаў некалькі ёсць такіх у Воўчыне, якія трэба было б даследаваць больш пільна. Ёсць ускосныя падказкі… Але я лічу, што гэтай справай мусяць займацца адмыслоўцы, гэта праца для вялікай навуковай экспедыцыі ў Воўчын”.

 

Мілінкевіч жа прапануе мірны варыянт: не спрачацца з палякамі, ці пахаваны Панятоўскі ў Варшаве — а проста зрабіць у Воўчыне… яшчэ адну магілу караля!

Ці вернецца прах Панятоўскага ў адноўлены касцёл?.. Фота: nest.by 

 

Аляксандр Мілінкевіч: З каранаванымі асобамі так, як са святымі. Святых, бывае, разбіраюць і па ўсім свеце развозяць і рэліквіі, бывае, ляжаць ува многіх-многіх месцах. Пахаванне можа быць і ў Воўчыне. Я думаю, трэба мемарыяльны комплекс зрабіць, калі касцёл адновіцца. Ён там прабыў пэўны час зямля гэтага касцёла прыняла ягоныя рэшткі”.

Цяперашні выгляд касцёла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі