Англічанін падпольна зняў у Беларусі фільм пра “апошнюю дыктатуру Еўропы”

1-га сакавіка ў Лондане адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма “Europe’s Last Dictator”. Яго аўтарамі з’яўляюцца Мэт’ю Чарльз і Джуан Пасарэлі. Бюджэт стужкі склаў амаль 16 тысячаў еўра. Мэт’ю Чарльз тлумачыць Еўрарадыё, чым яго зацікавіла Беларусь і распавядае, з якімі праблемамі ён сутыкнуўся падчас здымкаў.


Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі зрабіць гэты фільм?


Мэт’ю Чарльз: Я зрабіў другі фільм пра Беларусь. Я правёў шмат часу з беларускімі актывістамі, з беларускім “Свабодным тэатрам”. І я ведаю шмат людзей, якія былі арыштаваныя і збітыя падчас дэманстрацыі ў дзень выбараў. І стварэнне фільма – мая дапамога палепшыць сітуацыю. Я ўжо здымаў адзін фільм пра Беларусь. Ён называецца “Пастаноўка рэвалюцыі” — гэта дакументальны фільм для BBC, які распавядае пра “Свабодны тэатр”.


Еўрарадыё: Новы фільм таксама будзе транслявацца на BBC?


Мэт’ю Чарльз: Паглядзім, я спадзяюся (смяецца).


Еўрарадыё: Вы былі ў Беларусі. І што думаеце пра краіну, людзей?


Мэт’ю Чарльз: Гэта прыгожая краіна з вельмі прыязнымі і гасціннымі людзьмі. І ў мяне шмат беларускіх сяброў. Я заўсёды адчуваў прыязнае стаўленне мясцовых жыхароў да мяне. Так што ў мяне зараз шмат беларускіх сяброў, як у Беларусі, так і ў Вялікабрытаніі.


Еўрарадыё: А што скажаце наконт палітычнай сітуацыі ў краіне?


Мэт’ю Чарльз: Я думаю, гэта ганьба, што людзі не могуць жыць так, як яны хочуць. Тое, што сем’і разбіваюцца на кавалкі з-за дзеянняў беларускага ўрада. У прыватнасці, гэта датычыцца сем’яў Алеся Міхалевіча і Леаніда Навіцкага. Гэта трагедыя і вялікі смутак.


Еўрарадыё: Калі вы былі ў Беларусі, вы здымалі нейкія сцэны для фільма?


Мэт’ю Чарльз: Я здымаў у Беларусі падпольна ўвесь час — напрыклад, у Шклове і Александрыі. У гэтых мясцінах мы спрабавалі вярнуцца да мінулага Аляксандра Лукашэнкі, ягоных каранёў. У Беларусі была зроблена апошняя частка фільма. Я сустрэўся і запісаў размовы з многімі людзьмі. Гэта сем’і Леаніда Навіцкага, Андрэя Саннікава, Андрэя Дзмітрыева, Міланы Міхалевіч. Гэта было ў красавіку і траўні мінулага года.


Еўрарадыё: Увогуле, якая цікавасць да фільма ў Брытаніі?


Мэт’ю Чарльз: Хутка пабачым. Фільм яшчэ не выйшаў на экраны. Беларусь — гэта тэма, пра якую людзі  ў Вялікабрытаніі, шчыра кажучы, нічога не ведаюць. Але я ўпэўнены, што калі б яны нешта ведалі, то былі б шакаваныя тым, што адбываецца, фактычна, у іхніх суседзяў.


Еўрарадыё: Што можаце распавесці аб прэзентацыі фільма ў Мінску?


Мэт’ю Чарльз: Так, нешта плануецца, але не магу вам даць ніякіх дэталяў.


Еўрарадыё: Што распавядзеце наконт удзелу акторкі Джааны Ламлі?


Мэт’ю Чарльз: Яе голас мы чуем за кадрам. Яна вялікі сябра беларускага “Свабоднага тэатра”. Яна шчыра прызнаецца, што раней нічога не ведала пра Беларусь, і калі даведалася пра тое, што там адбываецца, была ў шоку. Таму яна прадаставіла свой голас у падтрымку беларускай апазіцыі. Яна лічыць, што да Беларусі патрэбна прыцягваць болей увагі не толькі ў Брытаніі, але і па ўсёй Еўропе, па ўсім свеце. 


Еўрарадыё: Распавядзіце пра ўдзел у праекце Джуліана Асанжа.


Мэт’ю Чарльз: Асанж таксама падтрымлівае патрабаванне вызвалення беларускіх палітзняволеных і падтрымлівае дэмакратызацыю Беларусі. Ягоная сувязь з фільмам у тым, што мы выкарыстоўваем фрагменты перахопленай перапіскі з амерыканскіх дыпламатычных крыніцаў, якія з’явіліся на Вікілікс. Ён таксама будзе на лонданскай прэзентацыі і будзе гаварыць пра Беларусь. Не думаю, што ён дасць нейкую новую інфармацыю з перапіскі пра Беларусь, бо ўсе тэксты ўжо даступныя онлайн. Аднак, магчыма, у нашым фільме будуць нейкія новыя факты, звязаныя з гэтай рассакрэчанай перапіскай, пра якія людзі раней не ведалі.


Еўрарадыё: Цікава, які бюджэт фільма? І якія арганізацыі прафінансавалі яго стварэнне?


Мэт’ю Чарльз: Ніякія арганізацыі не фінансавалі, гэтай мой праект. Фільм не выкарыстоўваў аніякіх рэсурсаў акрамя маіх уласных. Прыкладна я выдаткаваў каля 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў.


Еўрарадыё: Ці плануецца прэзентацыя фільма ў іншых краінах, акрамя Вялікабрытаніі і Беларусі?


Мэт’ю Чарльз: Так, плануем. Але, па-першае, хачу са сваім фільмам прыняць удзел у кінафестывалях.


Еўрарадыё: Можа, вы мелі нейкія праблемы з-за таго, што здымалі фільм у Беларусі?


Мэт’ю Чарльз: Мяне спынілі ў аэрапорце, калі я ўжо з’язжаў. Са мной размаўлялі 2 гадзіны. Яны ведалі, што я рабіў фільм, і таму шукалі мае відэазапісы. Але відэа, якое я загадзя адправіў праз мяжу, не знайшлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі