Андрэй Арамнаў: “Бранхіт — гэта проста адмазка”

111024 Kustouski_Aramnau.mp3

5 лістапада ў Парыжы распачынаецца чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы. Але Андрэй Арамнаў не будзе прымаць у ім удзелу. Галоўны трэнер зборнай Аляксандр Ганчароў кажа, што спартовец не ў лепшай форме, бо захварэў на бранхіт і лячыўся антыбіётыкамі. Да таго ж, некалькі тыдняў таму ў Арамнава нарадзілася дачка.

Але ад самога спартоўца Еўрарадыё пачула іншую версію.

Еўрарадыё: Віншуем з нараджэннем дачкі! Спадзяемся, што яна таксама стане паспяховай спартоўкай.

Андрэй Арамнаў: Наўрад ці! Калі толькі паспяховай фізкультурніцай (смяецца). Спорт, я думаю, больш у мяне ніхто не паспрабуе. Калі толькі па ўласным жаданні. А там — як будзе.

Еўрарадыё: Андрэй, чаму Вы ўсе ж такі не едзеце ў Парыж?

Андрэй Арамнаў: Я даўно сышоў са зборнай. А мне ніхто ні разу нават не патэлефанаваў. А я не магу без асобнай дапамогі перайсці на наступны этап падрыхтоўкі і застаюся на ўзроўні спартшколы. У мяне была адзіная просьба: прывезці да чэмпіянату свету трэнажор для спіны. Нічога не купілі. Стаўленне, увогуле, ніякае. У Беларусі няма ніводнай прафесійнай залы для цяжкай атлетыкі. Закупілі толькі прафесійныя штангі. І ўсё! Мне сорамна, каб мая фатаграфія была на фоне такога склепа.

 

Еўрарадыё: Дык ці хварэлі на бранхіт апошнім часам?

Андрэй Арамнаў: Гэта проста адмазка! Я даўно ўжо адмовіўся ад выступу на чэмпіянаце свету, сказаў: куды там! Мне ні трэнажор не прывезлі, нічога. Я сказаў, што без гэтага трэнажора не змагу перайсці на іншы ўзровень падрыхтоўкі.

А хварэў зусім нядаўна. Літаральна пару дзён таму. І антыбіётыкі калолі. Але я тады ўжо ведаў, што на чэмпіянаце не буду выступаць. Хадзіў на трэніроўку, падтрымліваў форму. Калі я з’ехаў са зборнай, патэлефанаваў і спытаў: “Ці ёсць у мяне трэнажор спіну рыхтаваць?” Адправілі, і рыхтуйся, дзе хочаш. Я толькі са зборнай з’ехаў дадому. Мне там цяжка знаходзіцца — гэта псіхалагічны фактар. Гэта было 1,5 ці 2 месяцы таму.

Еўрарадыё: Андрэй, а ў якой Вы фізічнай форме цяпер?

Андрэй Арамнаў: На дадзены момант я магу паехаць на чэмпіянат свету. І буду выглядаць лепш за іншых, і прыгожа, і эфектыўна — спартоўца бачна на прафесійным старце. Я сваіх супернікаў забіваю адным позіркам. Яны баяцца — у іх рукі дрыжаць, калі яны стаяць побач са мной.

Еўрарадыё: Дык а зараз займаецеся са сваім асабістым трэнерам?

 Андрэй Арамнаў: Зараз мой трэнер (Міхаіл Саладар — Еўрарадыё) рыхтуе іншага барысаўчаніна — Міхаіла Аўдзеева. Мы разам выступаем у катэгорыі 105 кілаграмаў. Нам выгадна выступаць па чарзе. Нам жа заробак ніхто не дасць. Нас жа задарма ніхто не пакорміць. Усё пазычаецца. Хутка спартоўцам прыйдзецца хаты закладваць, каб выступаць.

Еўрарадыё: Ці засталася прэзідэнцкая стыпендыя? Раней Вы казалі, што плацяць 20 мільёнаў рублёў у месяц.

 Андрэй Арамнаў: Як была, так і засталася, — 20 мільёнаў.

Еўрарадыё: Якіх вынікаў можна чакаць ад чэмпіянату свету?

Андрэй Арамнаў: Вы ведаеце, што зараз на чэмпіянат свету паедуць адны кадэты і юніёры? Паглядзіце, што Ганчароў падрыхтаваў. Як на чэмпіянат свету можна адправіць дзіцячы сад?!

Еўрарадыё: У наступным годзе тры старты, на якіх будзе вырашацца склад каманды на Алімпіяду. Не баіцеся, што не ўключаць Вас у гэтыя старты?

Андрэй Арамнаў:  На Алімпіяду паедзе самы моцны. На міжнародны старт ехаць не збіраюся. Я буду самым моцным у Беларусі. Баюся, што мяне могуць падставіць з допінгам. Па-першае, баюсь застацца за мяжой, бо мне там могуць прапанаваць добры кантракт. Па-другое, баюсь здаваць допінг-тэсты.

Я — адзіны ў зборнай, хто ведае, чым займаецца. А я займаюся цяжкай атлетыкай. Ведаю фізіялогію спартоўца, як размеркаваць нагрузку на арганізм. Цяжкая атлетыка — самы страшны від спорта. Калі будуць слабымі нейкія мышцы, то нічога не будзе, будзе падзенне штангі. Мне трэба было шмат чаго даведацца, каб выйграць мінулую Алімпіяду. Я гэта даведаўся. Я выйграў Алімпіяду ідэальна. Лепей выступіць нельга.

Я паеду на Алімпіяду, каб на маральна-валявых абараняць свой тытул. Я нікога не баюся. Але калі з-за такога стану рэчаў у мяне нічога не атрымаецца, я больш не буду траціць нервы. Лепш буду грузчыкам.

Еўрарадыё: Ці няма жадання пагадзіцца на кантракт з якой-небудзь іншай краінай?

Андрэй Арамнаў: Не хачу з’язджаць. Я ведаю, што я нарадзіўся тут, тут і памру. Але мне штодня тэлефануюць і кажуць: “Андрэй, прыязджай! Жыві, будзем карміць, паіць”. Але рэч у тым, што давядзецца мяняць грамадзянства.

Еўрарадыё: А з якіх краінаў ужо паступалі прапановы?

Андрэй Арамнаў: Я вывешу аб’яву ў інтэрнэт, і мяне закідаюць лістамі. Усе краіны хочуць такога спартоўца. Але я сябе як спартоўца не буду прадаваць. Магу працаваць інструктарам па спорце. Я магу прапанаваць кітайцам выхаваць іх цяжкаатлетаў — яны мяне разарвуць з прапановамі. У іх жа няма цяжэй. І тады Кітай цалкам захопіць перавагу ў цяжкай атлетыцы.

Еўрарадыё: Колькі патрэбна грошай, каб падрыхтавацца да Алімпіяды?

Андрэй Арамнаў: Самае галоўнае — павага. Больш амаль нічога не трэба. Я не магу так трэніравацца і ўсё. Дайце пару трэнажораў і проста тэлефануйце, пытайцеся: “Андрэй, як у цябе справы? Чым там займаешся? Ці патрэбная нейкая дапамога?” Калі чалавек зрабіў шмат рэчаў і разумее, што не заслужыў павагі, то адбываецца вялікі эмацыйны заняпад.

Зараз не буду нідзе выступаць. Хачу паглядзець, што там адбудзецца на чэмпіянаце свету. Пакуль мне не скажуць: “На табе тое і тое, ніхто перашкаджаць не будзе”. Усё! Давайце яшчэ на 25 гадоў кантракт заключым, каб я, увогуле, невыязны быў з Беларусі, акрамя міжнародных стартаў. І я буду згодны. Дайце мне які-небудзь паўспарткомплекс, і я навучу спартоўцаў, і нават трэнераў, як правільна развіваць арганізм у дзяцей.

А так, у мяне зараз афіцыйны заробак 400 тысяч рублёў, які ідзе ў пенсіі. Я інструктар спорту, але як я магу быць інструктарам, калі я — араты!

Фота: olimpicglory.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі