Аляксей Стук пра Варламава, хваробы ў турмах, канфіскацыю аўто і злачынствы

130214_luka6uk_prokuratura.mp3

Пасля шасці пасяджэнняў суд нарэшце заклапаціўся станам здароўя Сашы Варламава. Вядомага мадэльера накіравалі на медыцынскае абследаванне. У залежнасці ад вердыкту дактароў, будзе вырашацца пытанне аб працягу працэсу, распавёў падчас прэс-канферэнцыі намеснік Генпракурора Аляксей Стук.

Аляксей Стук: “Судом праяўленая заклапочанасць здароўем гэтага абвінавачанага. І якраз на заўтра, 15 лютага, у судовым паседжанні зроблены перапынак. І ён будзе праходзіць МРТ, і ў залежнасці ад гэтага будзе вырашацца пытанне, з улікам стану яго здароўя, аб працягу працэсу".



Вось толькі інвалідам II групы мадэльер стаў менавіта падчас знаходжання ў СІЗА. І менавіта ў калоніі ўзніклі праблемы са здароўем у Статкевіча, Дашкевіча, Саннікава і гэтак далей, звяртае ўвагу прадстаўніка Генпракуратуры карэспандэнт Еўрарадыё. Але знаходжанне за кратамі тут ні пры чым, упэўнівае Стук.

Аляксей Стук: “Умовы ўтрымання ў іх такія ж, як і ў астатніх! І наколькі мы праводзілі праверкі, знаходжанне ў месцах пазбаўлення свабоды, толькі знаходжанне ў гэтых месцах, не было прычынай іх захворванняў. Магчыма, гэта абвастрэнне захворвання, што яны мелі раней”.

І не пагаджаецца з меркаваннем, што “абвастрэнне старога захворвання” ў пералічаных вязняў магло ўзнікнуць найперш таму, што яны — палітычныя. І наадварот: наракае на паводзіны менавіта такіх, палітычных, асуджаных.

Аляксей Стук: “Статкевіч дапускаў шэраг парушэнняў, якія не абскарджаныя, і ў сувязі з гэтым ён пераведзены ў турму №4 у Магілёў. Што тычыцца Бяляцкага, то ён знаходзіцца ў другой калоніі ў Бабруйску. У яго таксама шэраг парушэнняў, і ў нас таксама няма звестак аб іх абскарджанні”.




Такім чынам, даводзіць прадстаўнік Генпракуратуры, яны знаходзяцца “ў рэжыме ўтрымання, які адпавядае іх катэгорыі злачынства і іх асобе”.

Тым больш, сцвярджае Аляксей Стук, няма ніякіх пацвярджэнняў словам асобных зняволеных і праваабаронцаў аб катаваннях ці гвалце ў СІЗА, турмах, калоніях і міліцэйскіх пастарунках.

Аляксей Стук: “Усе заявы, якія былі пададзеныя ў органы пракуратуры, былі разгледжаныя. Фактаў неправамернага ўжывання насілля намі не выяўлена. Але цалкам можна меркаваць, што людзі маглі самі правакаваць, я маю на ўвазе заяўнікі, нейкі гвалт. Маглі быць нейкія неадэкватныя паводзіны. Я маю на ўвазе такія паводзіны, калі яны не выконвалі нейкія законныя распараджэнні прадстаўнікоў адміністрацыі...”


І, нягледзячы на прызнанне, што пэўныя недахопы ў калоніях правяраючыя з пракуратуры час ад часу знаходзяць, упэўнівае: усе гэтыя хібы “знаходзяцца ў межах Крымінальна-выканаўчага кодэкса”.

               Аўтамабілі ў юрыдычных асобаў забіраць не будуць?

Таксама намеснік генеральнага пракурора паведаміў, што праект закона аб канфіскацыі машын у п'яных кіроўцаў цяпер знаходзіцца "на завяршаючай стадыі яго распрацоўкі". Аднак адзначыў, што ўзнікла "калізія": што рабіць з машынамі, якія належаць юрыдычным асобам (напрыклад, таму ж райвыканкаму), — канфіскоўваць ці не?

Аляксей Стук: "Мы прытрымліваемся думкі аб неабходнасці канфіскацыі аўтамабіля, незалежна ад права ўласнасці. Цяпер ідзе гаворка, магчыма, пра нейкі перагляд відаў транспарту, якія знаходзяцца ва ўласнасці юрыдычных асобаў. Засталося гэта дапрацаваць і — прадастаўляем кіраўніку дзяржавы".



Нагадаем, законапраект падрыхтавалі Генпракуратура і Міністэрства юстыцыі. У ім прапануецца канфіскоўваць аўтамабілі ў нецвярозых кіроўцаў толькі ў межах крымінальнай адказнасці. Раней зрабіць больш жорсткім пакаранне для нецвярозых кіроўцаў неаднаразова прапаноўваў Аляксандр Лукашэнка.

             Беларусы сталі менш забіваць і красці, але больш гвалтуюць

Колькасць згвалтаванняў і “дзеянняў сексуальнага характару” летась павялічылася на 21%. Такія лічбы агучыў Аляксей Стук:

“Колькасць цяжкіх злачынстваў зменшылася на 28%, колькасць забойстваў скарацілася з 404 да 385, колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў зменшылася на 13%, колькасць разбояў зменшылася, рабункаў, крадзяжоў. Але ўзрасла колькасць згвалтаванняў і “дзеянняў сексуальнага характару” — на 21%”.




Увогуле ж, сцвярджае прадстаўнік Генпракуратуры, у параўнанні з 2011 годам летась у краіне было зарэгістравана на 30 тысяч злачынстваў менш — з крыху больш за 132 тысячы іх колькасць знізілася да 102 тысяч.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі