Аляксандр Ціхановіч папрасіў прабачэння ў гурта Litesound

120227 Svjardlou Evrofest.mp3

Прэзідэнт загадаў папрасіць прабачэння ў Алёны Ланской, якую нібыта “падставілі”. Што праўда, ніякіх публічных прабачэнняў Еўрарадыё пакуль не заўважыла. Але і перад гуртом Litesound, у якога 14 лютага фактычна скралі “Еўрабачанне”, а потым вярнулі, афіцыйна ніхто дагэтуль не выбачаўся!

“Аляксандр Ціхановіч прыносіў нам свае прабачэнні. Але гэта было ў Даравальную нядзелю. Так што я не ведаю, ці такое лічыцца, — распавядае Еўрарадыё вакаліст гурта Дзмітрый Каракін. — Але нам зараз не да прабачэнняў і не да драматычных гісторый. Мы хочам на ўсё забыцца і працаваць”.

Чаму ў гурта Litesound папрасіў прабачэння менавіта Аляксандр Ціхановіч, які дагэтуль упэўніваў усіх, што ён глядацкім галасаваннем не займаецца, не ведаў і ні пры чым, для Еўрарадыё застаецца загадкай.

Як даведалася Еўрарадыё, кліп на песню для Litesound будзе здымаць украінскі рэжысёр Сямён Гораў. Той самы, які ў 2008 і ў 2009 рабіў прома-відэа для Руслана Аляхно і Пятра Ялфімава…

“Сцэнара пакуль няма, але здымкі мусяць пачацца ў самы бліжэйшы час. Здымаць будзем за межамі Беларусі”, — працягвае Дзмітрый Каракін.

Песню “We are the Heroes” Litesound змяняць не збіраецца. У гурце лічаць яе сімвалічнай: маўляў, мы здолелі прайсці праз падман і даказаць сваю слушнасць, таму — сапраўдныя героі.

Вынік жа на “Еўрабачанні” не ў апошнюю чаргу залежыць ад фінансавання прома-тура канкурсанта. Ці засталіся ў Белтэлерадыёкампаніі грошы на сёлетні конкурс пасля “сапраўды зорнага” фінала “Еўрафэста” з Русланай і Кіркоравым на разагрэве ў Алёны Ланской?

“Аляксандр Васілевіч сказаў, што на гэты конт нічога ні з кім не хоча абмяркоўваць. Усе пытанні да Белтэлерадыёкампаніі”, — адказваюць Еўрарадыё ў прыёмнай кіраўніка ААТ “Амкадор” Аляксандра Шакуціна, які “ў тым ліку і фінансава” дапамагаў арганізоўваць “Еўрафэст”. А яшчэ яму належыць прадзюсарскі цэнтр “СПАМАШ”, адной з артыстак якога з’яўляецца Алена Ланская…

“Белтэлерадыёкампанія ніколі не запрашала спонсараў для арганізацыі “Еўрафэста”. Мы заўжды цалкам аплачвалі нацыянальны адбор, падрыхтоўку і ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў “Еўрабачанні”, са сваіх рахункаў. Да таго ж, “Еўрафэст” — гэта не такое ўжо і выдатковае мерапрыемства”, — узгадвае Аляксандр Зімоўскі, які ўзначальваў БТ з 2005 па 2010 год.

У лоб пытаемся спадара Зімоўскага, ці сачыў ён асабіста за галасаваннем на “Еўрафэсце” і ці давярае лічбам, якія штогод высвечваліся на экранах.

Аляксандр Зімоўскі: “Я ніколі не кантраляваў працэс галасавання. Там былі камісіі, журы, якія “варыліся” ў сваім катле, і адпаведныя тэхнічныя рашэнні. Мая справа была — арганізацыйна забяспечыць усе акалічнасці. А каго выберуць, ці можа ён (ці яна) пець — гэта мяне ніколі не турбавала”.

28 лютага стала вядома, што за Дзмітрыя Баранава, якога абвінавачваюць у фальсіфікацыі вынікаў “Еўрафэста”, заступіўся Дзмітрый Калдун.

“Я разам з Аляксандрам Ціхановічам і Дзмітрыем Баранавым з’еў не адзін пуд солі ў часе нашай падрыхтоўкі да “Еўрабачання” ў 2007-м… магу абсалютна шчыра сказаць, што Дзіма — вельмі прафесійны прадзюсар. Вядома, у яго, як ва ўсіх творчых асобаў, бывае своеасаблівы погляд на рэчы, і я не ведаю падрабязнасцяў, але мне цяжка паверыць, што менавіта ён сфальсіфікаваў вынікі”, — напісаў музыка ў “вКонтакте”.

Аляксандр Зімоўскі прыгадвае Баранава як шараговага супрацоўніка БТ. І робіць акцэнт на іншым месцы працы прадзюсара:

“Такіх на Белтэлерадыёкампаніі ў той час працавала 3 тысячы чалавек, — распавядае былы чыноўнік. — Да таго ж, у нас ён мала працаваў, а нашмат больш супрацоўнічаў з прадзюсарскім цэнтрам Аляксандра Ціхановіча... Чалавек ён добры, ніколі не было праз яго ніякіх праблемаў. У музыцы добра кеміць”.

Такім чынам, Баранаў працаваў разам з Ціхановічам яшчэ 5 гадоў таму, калі скараць “Еўрабачанне” выпраўляўся Дзіма Калдун.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі