Akute - сапраўдныя ці ўяўныя новыя героі сцэны?

Самы модны беларускамоўны рок-гурт Akute прэзентаваў у Мінску свой другі альбом “Не існуе”.

“Сёння мы ўпершыню сыгралі другі альбом ад пачатку да канца, і зрабілі гэта наўмысна ў Мінску. Гэта былі такія нашы ўласныя сцэнічныя пачуцці. Мы хацелі зрабіць такую спецыяльную драматургію выступу. І нам, натуральна, спадабалася”, – распавёў пасля канцэрта бас-гітарыст гурта Раман Жыгараў.

 

 гурт Hum Flying Bulletproof Noodle на "разагрэве"


Праўда, не ўсе прысутныя гледачы былі згодныя з падобным трэк-лістом сэта магілёўцаў. Як і не ўсе засталіся задаволеныя тым, што яны пачулі ў выніку: завышаны попыт на Akute справакаваў завышаныя чаканні. Магчыма, гэтыя чаканні напярэдадні прэзентацыі альбома і справакавалі цалкам супрацьлеглыя меркаванні яшчэ задоўга да самой падзеі. Akute надавалі як "статус прарыва-адкрыцця году", "амаль што замежных зорак", так і "ўяўна папулярнага гурта". Гэта толькі абвастрыла жаданне ўбачыць на ўласныя вочы, ці такія яны, магілёўцы Akute, як іх малююць.

 

 

"Akute для нас – гэта прыклад маладой, яскравай беларускай музыкі. - распавядае пра сваё бачанне гурта драматург Адрэй Курэйчык: у яго фільме “Вышэй за неба” Akute сталі прататыпам кіношнага гурта. - Песні з “Не існуе” я пачуў яшчэ калі яны былі толькі прыдуманыя. І яны мне падаліся абсалютна ідэальна пасуючымі нашаму кіно, вельмі актуальнымі і вельмі модна і класна зробленымі. Мне хацелася сур’ёзнай музыкі, інтэлектуальнага ўдару. Не проста трапіць, у плынь і чаканні моладзі, але і паспрабаваць пагаварыць пра сур’ёзныя рэчы – тым больш, што і фільм пра сур’ёзныя рэчы”.

 Андрэй Курэйчык на канцэрце Akute

Таксама Андрэй Курэйчык прызнаецца, што загадзя ведаў: кастынг выйграюць менавіта Akute, нягледзячы на аб’яўлены конкурс. У выніку ў серыял увайшлі 4 песні гурта: “Кроў бы вада”, “Зорка”, “Спі”, “Адшукай” – на думку рэжысёра кожная з іх адлюстроўвае складаную філасофскую бытнасць сучаснай Беларусі.

Нягледзячы на кепскі гук і некаторыя недарэчнасці на сцэне Re:Public, людзі, якія прыйшлі ў той вечар на Akute, у большасці сваёй не заўважалі ніякіх перашкодаў. На танцпляцы расплывалася мора усмешак, палаючых позіркаў і іскраў абажання ў бок гурта, а на кожную песню абавязкова нехта ў натоўпе казаў: “О! Гэта мая любімая!”


 

 

“Калі казаць пра прычыны, чаму Akute дастаткова хутка сталі папулярнымі, то гэта тое, што раней не было такіх гуртоў, якія спалучалі б меладычную музыку, якая вельмі падобная на заходнюю, і тэксты на беларускай мове, – кажа адзін з гледачоў. - У большасці беларускіх гуртоў пераважаюць сацыяльныя тэмы ці палітычныя. А гурт Akute спявае пра нешта асабістае. Я лічу, што яны занялі нішу, якая раней пуставала. Сваёй творчасцю яны прывабілі тую частку слухачоў, якая раней не ўспрымала беларускую музыку ці мясцовую музыку на беларускай мове”.


 

 

 


Паглядзець на "сіндром Akute" прыйшлі і некаторыя беларускія музыкі. Так, у зале былі заўважаныя Віталік Артыст і Таня Кушнер, Мацвей Сабураў, Ілля Чарапко-Самахвалаў, Ваня Селішчаў ды іншыя. Лідар Петли Пристрастия прызнаўся Еўрарадыё, што менавіта на прэзентацыі пачуў альбом "Не існуе" упершыню цалкам. Ілля пашкадаваў, што канцэртная пляцоўка Re:Public'а па-ранейшаму не дазваляе пазнаваць нават вядомыя песні з-за кепскага гуку і парадаваўся за калег Akute – маўляў, яны ўсё роўна "вытвараюць" з публікай, што хочуць!

“Тут вось у чым уся справа: хлопцы маюць усе шанцы быць аб’ектамі хацення ўсяго жаночага насельніцтва Беларусі. І мяне гэтая іх здольнасць нямала захапляе. Нават калі ў мяне ёсць прыдзіркі наконт лірычнага складальніка іх песень – на мой погляд, там лірыкі больш, чым я магу перанесці. Мяркую, што гэта лепшы беларускамоўны гурт, які існуе зараз на тэрыторыі Беларусі. Яны зараз займаюць адно з лідуючых месцаў. І вельмі добра, што гурт не мінскі”.

 

Яшчэ адзін факт, які адзначаюць і музыкі, і прыхільнікі творчасці Akute - сваім існаваннем магілёўцы даказваюць, што добрая музыка існуе і па-за межамі Мінска і заклікаюць уважлівей ставіцца да таго, што адбываецца “на перыферыі”.

Праводзілі Akute доўгімі апладысментамі і бісам “Кроў бы вада”, пасля якіх музыкаў проста сцягнулі са сцэны ў натоўп. Пасля выступу Akute яшчэ доўга раздавалі аўтографы ды фоткаліся з фанатамі. А для тых, хто з-за доўгіх выходных не змог трапіць на канцэрт у Re:Public, Akute абвясцілі і дату бліжэйшага канцэрта: на 18 траўня музыкі запланавалі “пашыраную” акустычную праграму ў клубе Графіці.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі