Афрыка [9]: Далей — толькі Антарктыда!

Каб дабрацца да Мыса Добрай Надзеі, трэба ехаць на машыне каля гадзіны ад Кейптаўна. Горны серпантын вядзе да зялёнага парка: запаведніка, на тэрыторыі якога бегаюць бабуіны, страўсы ды розныя дзіўныя грызуны. На беразе сядзяць дзіўныя чорныя птушкі.


Шыльда, побач з якой фатаграфуюцца ўсе турысты, знаходзіцца ў некалькіх сотнях метрах ад самай крайняй кропкі мыса, які з'яўляецца вялізнай стромкай скалой у акіяне. Крыштальна чыстая і празрыстая, як шкло, вада з белым пяском на дне насамрэч яшчэ і вельмі нізкай тэмпературы: халодная Бенгальская плынь з Атлантычнага боку Афрыкі не дае вадзе прагравацца вышэй за 10 градусаў ва ўсе сезоны. 



На пагорку, куды можна падняцца фунікулёрам "Лятучы Галандзец" ці дайсці пешкі, знаходзіцца стары маяк. Побач з ім стаіць паказальнік ва ўсе бакі свету і з адлегласцямі да буйнейшых гарадоў. 

Дзьме вельмі моцны ледзяны вецер: такі, што вырывае з рук… нават камеру! Але не дзіўна: Мыс Добрай Надзеі заўсёды быў вельмі цяжкай і небяспечнай кропкай для маракоў, шмат караблёў затапілі гэтыя ветры і шалёныя хвалі. Дарэчы, існуе легенда, што побач з гэтымі берагамі час ад часу ўзнікае карабель-прывід "Лятучы Галандзец", уладальнік якога прадаў душу д'яблу за магчымасць выбрацца з буры. 

Барталамеу Дзіяш быў першым еўрапейцам, хто даплыў да Мыса Добрай Надзеі і назваў яго тады "Мыс Бураў", бо ветры так і не далі яму абмінуць Афрыку. Гэта зрабіў упершыню еўрапеец Васка Да Гама, помнік якому зараз стаіць на тэрыторыі нацыянальнага парка мыса.


Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі