Адвакат Кавалёва сёння падае наглядную скаргу ў Вярхоўны суд (фота)

"Мы сёння пойдзем падаваць скаргу ў Вярхоўны суд. Панясем усё, што ёсць. І будзем прасіць, каб адклалі выкананне прысуда, пакуль не будзе разгледжана наглядная скарга. Пасля паедзем у СІЗА КДБ высвятляць, дзе мой сын", — гаворыць маці асуджанага Любоў Кавалёва.


Каб напісаць асноўную частку нагляднай скаргі, адвакат другі дзень запар спрабаваў сустрэцца з Кавалёвым. Але яму адмовілі без тлумачэння прычынаў.


"Учора адвакат паспрабаваў сустрэцца, яго не пусцілі. Адмовы нічым не матывавалі. Сёння сказалі, што ён этапаваны з СІЗА КДБ. Адвакат з'ездзіў на Валадарскага, дзе яму сказалі, што зняволенага з такім прозвішчам няма. Мы нават не ведаем, дзе ён... і ці жывы яшчэ".


Любоў Кавалёва не выключае, што гэта помста за яе актыўную пазіцыю і звароты ў міжнародныя структуры.

"Са мной размаўляў намеснік начальніка СІЗА КДБ. Ён скарыстаўся магчымасцю лішні раз папракнуць мяне, што я ездзіла ў Брусэль".


Гэта размова адбылася, паводле яе слоў, акурат перад апошнім спатканнем з сынам, якое прайшло 11 сакавіка. За два дні да таго, як стала вядома, што Лукашэнка не памілаваў Кавалёва і Канавалава.


"Я лічу, што там усё ўжо было вырашана. У лютым нам спатканне не далі, хаця я некалькі разоў прыязджала ў Мінск, спрабавала атрымаць спатканне. Потым патэлефанавалі літаральна за дзень, увечары, і сказалі, што нам з дачкой даюць спатканне. Аказалася, што наша заява была не патрэбна. Дастаткова было заявы Улада. Калі мы прыехалі, з намі вельмі ветліва абыходзіліся, я думаю, каб прыглушыць нашу пільнасць".


Сёння маці абвінавачанага ў саўдзеле ў тэракце гатовая звяртацца да каго заўгодна і паўторна прасіць Лукашэнку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Між тым рэдактар "Ежедневника" абвінаваціў праваабаронцаў, у тым ліку Людмілу Гразнову, у тым, што кіраўнік Беларусі прыняў такое рашэнне.


"Рэдактар "Ежедневника" абвінавачваў мяне і адваката, што вынеслі такі прысуд. Не ведаю, чаму цяпер ён вырашыў, што вінаватыя праваабаронцы. Хутчэй за ўсё, яны апраўдваюцца, абвінавачваючы іншых, таму што грамадства не ўспрыняла версію следства".

Нагадаем, учора стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. Іх прысудзілі да расстрэлу па абвінавачанні ў выбуху ў мінскім метро. 


Праваабаронца Людміла Гразнова і Любоў Кавалёва

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі