Абмежаваць уваход у казіно — бясплатна, а ў інтэрнет — каштуе грошай

На ўваходзе ў казіно мяне спыняюць. Фатаграфуюць і просяць пашпарт. Ахоўнік прабівае нумар па базе і смяецца.


— Што там, самаабмежаванне? — усміхаецца і яго калега. — Вам у казіно нельга.


— Мне толькі ў абменнік!


— У абменнік таксама нельга.


У Беларусі так свабодна, што дзяржава прадугледзела для грамадзян магчымасць самім увесці сабе абмежаванні. Тры дні таму я сам напісаў заяву, каб забараніць сабе ўваход ва ўсё казіно краіны. Мяне ветліва сустрэлі ў казіно і на маю просьбу выдалі бланк. Туды ўпісваю пашпартныя звесткі і тэрмін абмежавання.


— Пішыце адразу па максімуме, на 3 гады.


— Не, дзякуй, я лепш на паўгода напішу.


Пакуль пішу, распавядаюць, што людзі сапраўды прыходзяць і пішуць заявы, каб іх не пускалі.


"Самаабмежавальных зараз каля тысячы. Яны могуць сябе абмежаваць толькі самі. Чалавек піша заяву ў гульнявой установе, якой даецца адзін дзень, каб накіраваць у міністэрства. І нам дзень, каб унесці ў рэестр", — распавядаюць Еўрарадыё ў Міністэрстве… па падатках і зборах.


Але гэта не ўсё. Згодна з ўказам № 60, кожны карыстальнік можа абмежаваць сабе доступ да інтэрнет-старонак. Звяртаюся ў "ByFly", каб забаранілі заходзіць, куды не трэба.


"Мы такім чынам не зможам зрабіць. Фільтры ставяцца юрыдычным асобам, прадпрыемствам адпаведна спісу. А каб паставіць на нейкі канкрэтны сайт, мы не можам зрабіць".


Тое самае адказваюць і на інфалініі: "Паслуга толькі для юрыдычных асобаў".


І гэта нягледзячы на ўказ прэзідэнта... Ну што ж, пойдзем да правайдара, які зможа абмежаваць доступ. Звяртаемся ў "Шпаркі дамавік".


"Ёсць такая магчымасць. Ёсць паслуга "абмежаванне доступу ААЦ" на аснове праграмы "Dr.Web Прэміум". Але гэта за грошы, 26.900 каштуе".


Каб абмежаваць сабе доступ, давядзецца штомесяц выкладаць гэтую суму за праграму. Хаця з такім жа поспехам можна зрабіць гэта самому на сваім камп'ютары праз наладкі мадэма і бясплатна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі