Абітурыентка: Марыла набраць больш за 80 балаў, а атрымала 100!

27 чэрвеня сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага тэставання па беларускай мове. З 52 607 абітурыентаў, якія здавалі тэст па ўсёй краіне, абсалютнага выніку дасягнулі толькі 5 чалавек. Што цікава, усе 5 выдатнікаў – дзяўчаты і ні адной з Мінска.

Адна з іх, Крысціна Галаўко, сёлета скончыла з залатым медалём СШ N1 г.Клецка. Нягледзячы на тое, што думае і размаўляе ў жыцці Крысціна па-руску, патрыятычныя пачуцці прымусілі яе здаваць менавіта беларускую мову.

“Мая мама настаўніца пачатковых класаў. Да таго ж, беларуская мова падабаецца мне менавіта з пункту гледжання нацыянальнай ідэі. Беларуская гаворка адрознівае нас ад іншых”.


Сам тэст, на думку Крысціны, быў не вельмі складаным. Але для падрыхтоўкі давялося звярнуцца па дапамогу да рэпетытара.

“На 100 балаў, вядома, не разлічвала. Марыла, каб было больш за 80 балаў. Я сама здзівілася. Села, напісала, усё прайшло звычайна і нават без хвалявання. Хвалявалася толькі, калі глядзела вынікі на сайце. Бацькі і настаўнікі спачатку не паверылі, перапытвалі шмат разоў”.

Апошнюю прачытаную кніжку на беларускай мове Крысціна прыгадвае не адразу. Напэўна, шмат часу адняла падрыхтоўка да тэсту. Але самы любімы твор – раман Івана Шамякіна “Злая зорка”.

“Гэта, дарэчы, і ёсць адна з апошніх прачытаных кніжак. Магу назваць яшчэ Быкава. Сучасная мне падабаецца менавіта паэзія. Напрыклад, вершы Алеся Разанава мне вельмі падабаюцца, філасофская тэматыка. І Яўгенія Янішчыц. З музыкі мне падабаецца неа-фолк, гурт “Стары Ольса”, яшчэ “Крама”. Магу слухаць і эстраду. Таксама люблю “Ляпіс Трубяцкой”.

Паступаць Крысціна будзе ў БДУ на гістарычны факультэт. Дзяўчына кажа, што многія яе адгаворвалі, але яна ўжо вырашыла. Да таго ж, па другім тэсце – па гісторыі Беларусі – у Крысціны таксама добры вынік – 85 балаў. Засталося толькі дачакацца выніку трэцяга тэста і падаваць дакументы.

 

Фота са старонкі Крысціны Галаўко "вКонтакте".