6 мільярдаў на рэканструкцыю Купалаўскага тэатра возмуць у “Беларусьфільма"
Дадатковае фінансаванне спатрэбілася праз карэктаванне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2011 год.
Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч даручыў міністру эканомікі Мікалаю Снапкову “вырашыць пытанне” і вылучыць на рэканструкцыю Купалаўскага тэатра дадатковыя восем мільярдаў рублёў. Шэсць з іх знойдзеныя “за кошт памяншэння планавых асігнаванняў на будаўніцтва і рэканструкцыю Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.
Агулам жа на капітальную перабудову Купалаўскага тэатра ў 2012 годзе будзе выдаткавана не менш за 210 мільярдаў рублёў. Абноўлены тэатр павінен прыняць гледачоў ужо ў верасні 2012 года.