357 чалавек каля абменніка адзначаюцца двойчы ў дзень і дзяжураць па начах

Абменнік у мікрараёне Каменная Горка адметны: чарга да яго складае 357 чалавек, якія адзначаюцца ў спісе двойчы на дзень, дзяжураць начамі. Упарадкаваныя чэргі ёсць і да іншых абменнікаў, аднак там ліміт — 200-300 долараў на чалавека. А тут — ажно $1000! Чаму?

“Людзі ходзяць адзначаюцца месяц! Што ж, месяц з-за гэтых 200 долараў хадзіць!? Гэта смешна!” — тлумачыць жанчына, якая цяпер кіруе спісам.

Спадарыня побач распавядае, што яе чарга дзяжурыць была сёння ўначы. І тлумачыць, навошта такое дзяжурства патрэбнае.

“Я стаю тры тыдні. Сённяшнюю ноч дзяжурыла — з другой гадзіны ночы на нагах. Да дзевятай раніцы дзяжурыла, а цяпер вось прыйшла на вечаровую пераклічку. Уначы дзяжурым, бо прыходзяць валютчыкі і спрабуюць утварыць сваю чаргу. Прыязджаюць з Брэста і Гродна, каб запісацца — і стварыць іншыя спісы. Можа атрымацца так, што калі нікога з нашых тут не будзе, яны завядуць свой спіс і наш спіс увогуле можа не пры справах апынуцца”.

 

Спадар, які за гэты месяц аддзяжурыў дзве ночы, распавядае, што быў выпадак, калі да абменніка пад’ехалі нейкія “шыракаплечыя хлопцы” і паспрабавалі адцясніць чаргу, каб набываць долары самім. Тады людзі ўзнялі крык і абступілі пункт абмену валют шчыльным колам — так, што нават здаць туды долары не было магчымасці. У выніку народ перамог. А начныя дзяжурствы выглядаюць так.

“Уначы мы сядзелі ў машыне і назіралі, каб ніхто не падышоў і не арганізаваў сваю чаргу! Спісы абнаўляем у 8.30 раніцай і ў 20.30 вечарам. А вось гэты малады чалавек, які вам не даў інтэрв’ю, — гэта валютчык! Яны тут ужо пяць разоў атрымалі і атаварыліся. Адзначаюць не 1-2 чалавекі, а па дзесяць! Кажуць: “Будзеце абурацца — мы тут сваю брыгаду прыцягнем!”

За гэты месяц, што цягнецца дзяжурства, людзі ўжо перазнаёміліся між сабой — і сталі “амаль сваякамі”. Кажуць, што сярод тых, хто ў спісе, усё адбываецца “па справядліваму”: ніхто не прапаноўвае набыць месца ў чарзе. Да таго ж, копіі спісу ёсць у многіх людзей, што таксама дазваляе кантраляваць яго ход. Галоўны па спісе змяняецца прыкладна раз на тыдзень, каб не было спакусы даваць гэтаму чалавеку хабар. Некаторыя людзі, якія знаходзяцца ў трэцяй сотні чаргі, уздыхаючы, кажуць, што не вераць, што чарга да іх дойдзе ў бліжэйшыя паўгода.

“Па спісе ў нас 380 чалавек. Першы тыдзень бралі па 10 чалавек. Потым па 7-8. А апошнім часам 2-3 чалавекі за дзень ўвогуле атаварваецца…”

Зразумела, у такой справе ўсе не могуць быць задаволеныя. Адная бабулька ў маёй прысутнасці абуралася, што трэба пільна кантраляваць тых, да каго дайшла чарга купляць долары. Каб яны бралі роўна па 1000, не махлявалі.

“Калі атрымлівае першая пяцёрка і першая дзясятка, то кантраляваць мусяць не гэтыя людзі з першай дзясяткі, а, можа, недзе пяцідзясяты ці соты чалавек — каб ён бачыў, што ўсе справядліва атрымліваюць толькі сваю долю, а не лішняе. Я цяпер 190-я… Ужо 10 дзён стаю. Чарга ідзе страшэнна павольна! Да гэтага, як я запісалася, у дзень атрымлівалі па 15 чалавек, а цяпер толькі 4 максімум. А ўчора толькі паўтара чалавекі — мне жанчына сказала, што яна толькі палову атаварыла, а яшчэ заўтра браць будзе. Ніхто не кантралюе! Вось каб міліцыянт стаяў – вось, гэта было б добра!..”

Гавораць людзі і пра іншыя магчымыя махінацыі.

“Спіс гэты ходзіць з рук у рукі! І ў нядзелю быў выпадак, што дапісалі чужых людзей тыя, хто дзяжурыў, — і чарга замест наперад, апусцілася назад! Бывае такое, што тых, хто не прыйшоў адзначацца зранку і ўвечары, — яны яго выкрэсліваюць, і на іх месца сваіх падпісваюць. Гэта несумленна!”

Канфліктаў з міліцыяй у людзей не было, бо ўсё адбываецца арганізавана і ўпарадкавана. Усе пераказваюць толькі адну гісторыю, калі выклікалі міліцыю.

“Тут адна жанчына прыйшла і сказала, што яе збілі — выклікала міліцыю. Мужчына кажа: “Ды я яе пальцам не кранаў!” Міліцыя прапанавала жанчыне паехаць зняць пабоі. А яна спужалася і кажа: “Няма пабояў, ніхто мяне не біў!” За хлуслівы выклік яна заплаціла штраф!”

 

Галоўная матывацыя для стаяння ў такой вялізнай чарзе — магчымасць набыць долары па афіцыйным курсе, каля 3050-3100 рублёў. Многія кажуць, што набываць па 4000 для іх задорага, што на гэта яны не гатовыя. Жанчына прыводзіць свой прыклад, дзеля чаго варта стаяць у чарзе месяц.

“Вось я, абсалютна просты чалавек. А мне трэба! Я пазычыла грошы ў беларускіх рублях, а мяне цяпер прымушаюць аддаваць у доларах, бо так усё змянілася! Іншыя людзі стаяць, бо трэба пакупкі рабіць. Некаму, напрыклад, кватэру купляць трэба. Гэта ж усё ў доларах, а не за нашы беларускія! Каму яны патрэбныя, гэтыя нашы беларускія?!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі