Рэктар БДУ назваў плату за пераздачу іспытаў "клопатам пра якасць адукацыі"

Рэктар БДУ назваў плату за пераздачу іспытаў "клопатам пра якасць адукацыі"

Рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта Сяргей Абламейка выступіў з адмысловай заявай наконт увядзення аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў.

Увесці аплату ў БДУ мяркуецца з 1 студзеня 2016 года. Гэта ўжо выклікала пратэсты сярод студэнтаў: яны сабралі 2500 подпісаў, якія адміністрацыя ўніверсітэта праігнаравала. У падтрымку беларускіх студэнтаў выказаўся і Еўрапейскі студэнцкі саюз.

У сваім звароце Абламейка назваў увядзенне аплаты за пераздачу іспытаў і залікаў клопатам пра якасць адукацыі. "Нас хвалюе якасць адукацыі і прэстыж дыплома БДУ. Клапоцячыся пра гэта, БДУ ўвёў плату за пераздачу залікаў і іспытаў, што з'яўляецца адным з інструментаў уплыву на вучобу студэнтаў", — адзначыў рэктар БДУ. Па яго словах, перад прыняццем рашэння было праведзенае абмеркаванне з усімі навучальнымі падраздзяленнямі універсітэта, таксама ладзіліся сустрэчы кіраўніцтва з органамі студэнцкага самакіравання, студэнцкіх саветаў па якасці адукацыі, было праведзенае апытанне думкі студэнтаў.

Абламейка адзначыў: "Рэктарат БДУ атрымаў калектыўны зварот студэнтаў па пытанні аб плаце за пераздачы і адказаў на гэты зварот. Пасля падачы звароту ніхто са студэнтаў па гэтым пытанні на прыём да рэктара або прарэктараў не прыходзіў".

Рэктар БДУ назваў недакладнымі і правакацыйнымі звесткі, быццам на некаторых студэнтаў аказваўся ціск за пратэсты супраць новаўвядзення: "У нас няма ні аднаго факту, каб студэнтаў універсітэта хтосьці пераследваў за якія-небудзь дзеянні. Канкрэтныя факты пра кожны падобны выпадак стануць прадметам разгляду на ўзроўні кіраўніцтва універсітэта".

Абламейка лічыць, што некаторыя арганізацыі стараюцца перавесці пытанне пра плату за залікі і іспыты ў палітычную плоскасць. "Лічым непрымальнымі спробы ўцягнуць студэнтаў нашага ўніверсітэта і іншых універсітэтаў краіны ў дэструктыўныя працэсы, закліканыя раскалоць акадэмічную супольнасць, скампраметаваць сістэму вышэйшай адукацыі краіны", — гаворыцца ў заяве рэктара. Ён заклікаў студэнтаў быць пільнымі і не даць уцягнуць сябе ў "палітычныя гульні".

Фота: websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі