Равеснікі першых выбараў: З ім задавольвае, а з новым, хто ведае, што будзе

Еўрарадыё вырашыла даведацца, чым цікавяцца маладыя людзі, якія нарадзіліся 10 ліпеня 20 гадоў таму і ніводнага дня не жылі пры іншым кіраўніку краіны. Ці ведаюць яны беларускіх палітыкаў, каго падтрымліваюць, чым цікавяцца і што бачаць добрага і кепскага у сённяшняй Беларусі. Усіх маладых людзей мы знайшлі праз сацыяльныя сеткі.


Святлана з Маладзечна памятае, што 10 ліпеня не толькі яе дзень нараджэння, але і 20 гадоў, як кіраўніком краіны стаў Аляксандр Лукашэнка.

Палітыкай не цікавіцца. Акрамя Лукашэнкі ўзгадвае толькі Мясніковіча. На выбарах аддала бы свой голас за дзеючага прэзідэнта. Самай цікавай падзеяй, якая адбылася за гэтыя 20 год у жыцці краіны, лічыць Чэмпіянат свету па хакеі. Дзяўчына працуе у банку. На наступны год хоча паступаць на эканаміста.

"У вольны час адпачываю з сябрамі. Хаджу ў кіно і клубы. У інтэрнэце карыстаюся сайтамі "Вконтакте", "Інстаграм", рэдка чытаю навіны на "Тутбай". Мяне ўсё задавольвае ў сённяшняй Беларусі".



Аляксандра не ўзгадала, калі гадавіна першых выбараў. Мяркуе, што Лукашэнка пры ўладзе недзе 15 гадоў. Палітыкай цікавіцца зусім трошкі. Недзе ў школе чула пра Шушкевіча, але не ўзгадала, што ён быў кіраўніком Беларусі: "Можа, Брэжнеў?".

Цяпер працуе бухгалтарам у краме — абавязковая адпрацоўка пасля каледжа. Цікавіцца танцамі. Часу на інтэрнэт не хапае. Навіны слухае раніцай па радыё, калі збіраецца на працу.

"Абрала такую прафесію бо люблю грошы, а грошы любяць падлік. Шмат грошай не бывае, колькі не зарабляй усё адно мала. Хаця не ў іх шчасце, а ў іх колькасці. Высокія кошты на прадукты — гэта тое, што не падабаецца. Падабаецца, што Беларусь вельмі спакойная, няма ніякіх практычна махінацый, злачынцаў, няма войн, прымальныя людзі".



Раман таксама ведае, што гэта за дзень. Палітыкай хлопец таксама не цікавіцца, нікога з палітычных дзеячаў не ведае. Куды паступаць, пакуль думае, а цяпер піша рэп-музыку.

"Чытаю "ВКонтакте" гэта самы папулярны мой сайт, tut.by, сайт прысвечаны кіберспорту, радыё Рэкорд. У Беларусі усё добра, жывем, усё нармальна".



Ілля палітыкай не цікавіцца, нікога акрамя прэзідэнта не ведае, таму за яго і галасуе.

"З ім усё задавольвае, а з новымі, хто ведае, што там будзе".

Ілля атрымаў дыплом тэхнолага па перапрацоўцы нафты і газу. У родным Наваполацку пойдзе працаваць на Нафтан. Першы час па абавязковай адпрацоўцы. Чытае навіны на tut.by, lenta, заўсёды "ВКонтакте". У вольны час з сябрамі на прыродзе, а таксама займаецца фітнэсам.



Алёна ведае, што Аляксандра Рыгоравіча абралі ў яе дзень нараджэння. Ведае таксама прэм'ера Мясніковіча. Палітык, кажа, "павінен быць сур'ёзным, як наш Аляксандр Лукашэнка".

Вучыцца ў Палескім універсітэце на інструктара-метадыста па лячэбна-фізічнай культуры. Хацела б зарабляць як мінімум 4-6 мільёнаў. У вольны час займаецца спортам — лёгкай атлетыкай і плаваннем. Акрамя "ВКонтакте" чытае "Яндэкс-навіны". Навіны глядзіць па БТ і АНТ. У інтэрнэце чытае толькі нешта цікавае, апошнім часам пра футбол.

"Падабаецца, як у нас арганізоўваюцца святы, той жа Дзень перамогі. Я сама з Пінска і мне падабаецца, як уладкавалі Палесскі ўніверсітэт і спартовы комплекс. Падабаецца парадак і тое, што ўсяму надаецца ўвага — медыцыне, спорту. У нас добры прэзідэнт і усе добра робіць. Ну а мінус гэта, як ва ўсіх — маленькія заробкі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі