Рассельгаснагляд апасаецца, што ўкраінская ялавічына ідзе праз Беларусь у Расію

Рассельгаснагляд апасаецца, што ўкраінская ялавічына ідзе праз Беларусь у Расію

Рассельгаснагляд пачынае больш жорстка кантраляваць увоз прадукцыі спажывецкіх таварыстваў (райпо) Беларусі. Нагодай стала тое, што праз Беларусь у Расію пастаўляецца забароненая ўкраінская ялавічына, піша milknews.ru.

Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што цяпер разглядаюцца два варыянты вырашэння праблемаў. "Альбо мы ўвядзем абмежаванні на ўсе райпо, таму што забароненая прадукцыя ідзе менавіта праз спажывецкія таварыствы, альбо вызначым з беларускімі калегамі канкрэтных пастаўшчыкоў і правядзем інспекцыю", — растлумачыў ён.

Расійскі чыноўнік распавёў, што беларускія райпо маюць права пастаўляць ялавічыну з Украіны, але толькі на тэрыторыю Беларусі. Потым гэтая прадукцыя трапляе ў Расію без перапрацоўкі — толькі зрэзаныя клеймы.

Раней Рассельгаснагляд не выключаў, што цалкам забароніць пастаўкі ялавічыны з Беларусі. Увоз ялавічыны з Украіны забаронены ў рамках расійскага харчовага эмбарга з 1 студзеня 2016 года.

Акрамя таго, Данкверт заявіў, што яго ведамства накіруе папярэджанні беларускім прадпрыемствам пра магчымасць абмежавання паставак, калі ў іх прадукцыі знойдуць небяспечныя мікраарганізмы. У прыватнасці, гаворка ідзе пра кампаніі "Сервалюкс агра" (у субпрадуктах птушкі былі выяўленыя лістэрыі), "Палессе" Лунінецкага райпо (лістэрыі выяўленыя ў замарожанай ялавічыне), племптушказавод "Беларускі" (у замарожанай птушцы выяўленыя сальманелы), Аршанскі і Жлобінскі мясакамбінаты (у астуджанай ялавічыне выяўленыя лістэрыі).

Таксама ў Рассельгаснагляду ёсць прэтэнзіі да сметанковага масла, якое выпускае маслакамбінат "Малочныя горкі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі