Расію пазбавілі голасу ў ПАСЕ, яна сыходзіць да канца 2015 года

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы пакінула ў сіле ўсе санкцыі супраць дэлегацыі Расіі, уведзеныя ў адказ на анэксію Крыма і падтрымку сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Пытанне аб паўнамоцтвах будзе зноў разгледжана ў красавіку, але расіяне ўжо заявілі, што сыходзяць з ПАСЕ да канца 2015 года.

На сесіі ў сераду ўвечары ПАСЕ нават не вярнула расійскай дэлегацыі права голасу, як прапаноўвалася ў першапачатковым праекце рэзалюцыі, адзначае ВВС.

"Мы пакідаем ПАСЕ да канца гэтага года", — заявіў кіраўнік расійскай дэлегацыі Аляксей Пушкоў. Дэлегацыя Расіі адмаўлялася ўдзельнічаць у працы асамблеі амаль увесь мінулы год, з моманту пазбаўлення яе паўнамоцтваў.

Акрамя спынення кантактаў з ПАСЕ, Расія пагражае выйсці і з Савета Еўропы ў цэлым, калі санкцыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы не будуць знятыя.

"Пытанне аб удзеле Расіі ў Савеце Еўропы будзе разглядацца ў канцы 2015 года ў залежнасці ад той палітычнай сітуацыі, якая створыцца", — сказаў Пушкоў.

Акрамя пазбаўлення права галасаваць, санкцыі супраць Расеі ў ПАСЕ ўключаюць забарону на ўдзел у розных дэлегацыях і прадстаўніцтвах асамблеі і арганізацыях пры ёй, у місіях назіральнікаў на выбарах, а таксама забарону на прызначэнне расіян дакладчыкамі па пытаннях, якія разглядаюцца ПАСЕ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі