Расійскі сенатар: Расія выступае гарантам тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны

Даведка Еўрарадыё: Клімаў Андрэй Аркадзьевіч сябра Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, Першы намеснік старшыні Камітэта Дзяржаўнай думы Федэральнага Сходу па міжнародных справах, сябра Прэзідыума генеральнага савета партыі “Адзіная Расія”, каардынатар Еўразійскага дыялогу, кіраўнік пастаяннай дэлегацыі Савета Федэрацыі пры Еўрапейскім парламенце, старшыня праўлення “Еўрапейскага клуба”.

Еўрарадыё: Беларусь і Расія Саюзная дзяржава, у нас дамова аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), нашы краіны заўжды падтрымліваюць адна другую на міжнароднай арэне можа, і нашы вайскоўцы будуць вымушаныя ваяваць у Крыме, калі да гэтага дойдзе расійска-ўкраінскі канфлікт?

Андрэй Клімаў: Супакойцеся на гэты конт. Ведаеце, паводле нашай дамовы з Украінай, мы маем права трымаць у Крыме 24 тысячы чалавек. І зараз у нас там толькі палова ад гэтага знаходзіцца. Мы туды зараз ніякіх войскаў не ўводзілі, і, па сутнасці, пра гэта і размовы не ішло. Размова ішла пра тое, каб даць магчымасць, у выпадку неабходнасці, нашым вайскоўцам абараніць нашы вайсковыя аб’екты. Каб не было так, як у Цхінвалі. Нашых жа хлопцаў забівалі там, у Цхінвалі. Выставілі на пазіцыю артылерыю і пачалі расстрэльваць. А мы там чакалі ўказанняў. Зараз усе ўказанні былі дадзеныя загадзя: у выпадку нейкіх пагроз выходзіць і абараняць.

Еўрарадыё: У Кіеве на самым высокім узроўні сцвярджаюць, што ніякія, як расійскія СМІ кажуць, “бандэраўцы і фашысты-западэнцы” ў Крым і ва ўсходнія вобласці Украіны не толькі не выязджалі для “нацыяналістычнага тэрору”, але і не збіраліся гэтага рабіць. У Маскве на гэты конт ёсць іншая інфармацыя?

Андрэй Клімаў: Яны таму і не паехалі, бо зразумелі, што гэта дрэнна скончыцца! У іншыя ж месцы яны паехалі! І крыкі былі чуваць, што трэба ехаць. І крыкі гэтыя добра былі чуваць яны пра гэта не саромеючыся на Майдане крычалі. Толькі глухі гэтага мог не чуць. І “цягнікі дружбы” збіраліся рабіць, і розныя іншыя рэчы. Так што гэта прафілактычная мера спрацавала і дзякуй Богу для таго і прымалі меры. Людзям проста патлумачылі, што будзе далей. Адкрытым тэкстам усе ўсё зразумелі. І іх заходнія “лялькаводы” далі ім адпаведную каманду яны ж усё разумеюць. Вы што думаеце, яны што хочуць трэцюю сусветную вайну пачаць? У іх там усё добра: узровень жыцця высокі, домік свой у кожнага. NATO ім трэба, каб высокія заробкі атрымліваць гэта вялікая арганізацыя чыноўнікаў. Яна не столькі для вайны, колькі для кар’еры. І гэта ўсё трэба прымаць да ўвагі. Мы сказалі: “Хлопцы, мы не жартуем калі будуць спробы нападу, то будзе рэакцыя аўтаматычная”. Вось і ўсё!

Еўрарадыё: Атрымліваецца з вашых слоў, што расійскія вайскоўцы толькі і зрабілі, што проста ўзмацнілі ахову размешчаных у Крыме расійскіх ваенных аб’ектаў?

Андрэй Клімаў: Вось, правільнае слова узмацнілі! Той, хто ў гэтым хоць трошку нешта разумее, пагодзіцца: немагчыма ахоўваць аб’ект, знаходзячыся выключна ўнутры яго перыметру. Выхад за перыметр ужо патрабуе пэўных юрыдычных працэдур. І яны былі зробленыя каб пры неабходнасці людзі маглі выходзіць для таго, каб  забяспечыць бяспеку сабе і гэтак далей. Толькі і ўсяго.

Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе пад “выкананнем пэўных юрыдычных працэдур”?

Андрэй Клімаў: Вось, уявіце сабе: людзі знаходзяцца на вайсковай базе і міжнародная дамова дакладна вызначае, куды яны могуць перасоўвацца, якім чынам і гэтак далей. У нас там не адзін вайсковы аб’ект паміж імі нейкія вуліцы, дарогі знаходзяцца. І калі там нешта паказваюць і расказваюць (СМІ пра перасоўванне расійскай тэхнікі і вайскоўцаў па тэрыторыі Крыма. заўв. Еўрарадыё) гэта нашы вайскоўцы перасоўваюцца з аднаго аб’екта на іншы, мяняюць адзін другога. Не могуць жа яны 24 гадзіны ў суткі стаяць гэта змена варты. Так яны едуць да сябе на базу, у казармы, дзе яны адпачываюць. Там не адбываецца нічога з таго, чаго не было раней. І нам паказваюць гэтыя кадры. Але нічога такога там няма. І калі там нейкія людзі кажуць, што яны расійскія вайскоўцы, то, ведаеце я таксама магу набыць у краме форму і сказаць, што я, да прыкладу, беларускі вайсковец ці ўкраінскі вайсковец. Гэта толькі словы. Словы, сказаныя на камеру невядома кім і невядома пры якіх абставінах.

Еўрарадыё: Але паказваюць і тое, як едзе бронетэхніка, якая ёсць на ўзбраенні выключна расійскай арміі!

Андрэй Клімаў: Ну, паказваюць! Што, у нас мала бронетэхнікі?! Ну, паказваюць, як едзе бронетранспарцёр па горадзе і што? Ён едзе з пункту “А” у пункт “Б” ён і раней там ездзіў. Я вось быў у Севастопалі не так даўно там шмат ваеннай тэхнікі, шмат вайскоўцаў. Гэты горад перапоўнены вайскоўцамі, і што далей? І гэта быў звычайны дзень, без усялякіх падзей.

Еўрарадыё: То і Будапешцкую дамову, атрымліваецца, Расія не парушала?

Андрэй Клімаў: Гэта не мы яе парушылі. Галоўная пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны зыходзіць ад цяперашняй яе ўлады і ад так званага Майдана больш нічога Украіне не пагражае, толькі гэта. Як Саакашвілі сам разбурыў сваю краіну ваеннай авантурай, так і гэтыя хлопцы могуць самі разбурыць сваю краіну, рухаючыся па гэтым шляху. І больш нічога.

Еўрарадыё: У інтэрв’ю Lenta.ru эксперт Французскага інстытута геапалітыкі Жан-Сільвестр Мангрэнье сцвярджае: Крамлём авалодаў “геапалітычны рэвізіянізм”, ён імкнецца “перагледзець еўрапейскія межы” з дапамогай стварэння Еўразійскага саюза. Украіна ў выніку Майдана выпала з гэтага праекта, і ў Маскве ў адказ вырашылі фактычна анексіраваць Крым, а магчыма, і частку ўсходняй Украіны…

Андрэй Клімаў: Я не псіхіятр, але ведаю, што ёсць такое захворванне параноя. Быў адзін амерыканскі генерал, які скокнуў у вакно са словамі: “Рускія ідуць!” падчас “халоднай вайны”. А там высока было. Што сказаць… я не псіхіятр, а так бы, можа, дапамог чым-небудзь гэтаму эксперту.

Еўрарадыё: Такім чынам, пра змену межаў з дапамогай вайскоўцаў зараз гаворка не ідзе?

Андрэй Клімаў: У нас з Беларуссю, апроч таго, што ёсць Саюзная дзяржава, ёсць і Мытны саюз. І ёсць на тэрыторыі Беларусі нашы войскі. Скажыце вам ад гэтага холадна, горача, цёпла?

Еўрарадыё: На дадзены момант ніяк.

Андрэй Клімаў: Ну, вось і ўсё. А на Кіпры амерыканскія ваенныя базы стаяць. Стаяць сабе і стаяць выконваюць нейкія функцыі пэўныя. Турыстаў шмат і ўсё выдатна. Таму трэба менш нагнятаць абстаноўку і не рабіць розныя псеўдавысновы. Давайце развітвацца я з вамі і так доўга размаўляю.

Еўрарадыё: Зрабіце на развітанне прагноз: як, на ваш погляд, будзе развівацца сітуацыя ў Крыме?

Андрэй Клімаў: Калі ніхто не будзе спецыяльна правакаваць Расію і залазіць у бутэльку далей, то мне падаецца, што даволі хутка знойдуцца мірныя рашэнні. Яны ёсць насамрэч і яны задаволяць усе бакі. Проста трэба гэтым займацца, а не палохаць адзін другога неіснуючымі гісторыямі.

Еўрарадыё: Вы не выключаеце магчымасці ўваходжання Крыма ў склад Расійскай Федэрацыі?

Андрэй Клімаў: Ніколі такое на афіцыйным узроўні не разглядалася, ніколі.

Еўрарадыё: А калі за гэта крымчане прагаласуюць на рэферэндуме?

Андрэй Клімаў: Паглядзіце у нас і так самая вялікая ў свеце дзяржава. І нам яшчэ больш рабіць контрпрадуктыўна. Вунь, ёсць Асеція і Абхазія колькі казалі, што іх нехта некуды возьме, але ж ніхто нікуды іх не бярэ. Таму глупства ўсё гэта няхай яны там самі ў Крыме вырашаюць, як ім жыць далей. А мы будзем дапамагаць ім. Няма ў нас іншых планаў. Расія выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і выступае гарантам яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Усё да пабачэння!

Фота: www.politix.ru, zwezda.perm.ru, er.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі