Расійскі эксперт: Расійская армія зрастаецца з насельніцтвам Крыма

Кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук сцвярджае: вайны паміж Украінай і Расіяй пакуль няма, а тое, што адбываецца ў Крыме, расійская інтэрвенцыя. Так сітуацыю ацэньваюць улады Украіны і большасці заходнееўрапейскіх краін.

Дзмітрый Тымчук: “Па лініі ААН няма дакладнай ацэнкі, бо расіяне не пусцілі спецпрадстаўніка Генсека ААН у Крым. NATO таксама сваю пазіцыю яшчэ не выказала, але спадзяюся, што бліжэйшым часам такая ацэнка будзе дадзеная”.

Спецыяліст у галіне інфармацыйных войнаў, былая дарадца прэм’ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху Эліна Бардач-Ялава падзеі ў Крыме называе “заявай Пуціна аб актыўных дзеяннях”.

Эліна Бардач-Ялава: Гэта паказальны выступ Пуціна ў адносінах нават не да Украіны, а ў адносінах да Захаду і ЗША. Амерыка і Захад гэта ўбачылі, яны на гэта дастаткова жорстка адрэагавалі, але ўсе разумеюць, што сітуацыя патавая: калі Пуцін вырашыць пачаць нейкія ваенныя дзеянні, то спыніць яго будзе практычна немагчыма”.

Іншы погляд на крымскія падзеі ў былога дарадцы начальніка Генштаба Расіі, палкоўніка запасу Віктара Баранца. Расійскія вайскоўцы ў Крыме, сцвярджае ён, бароняць мясцовых жыхароў: і рускіх, і татар, і ўкраінцаў ад “фашыстаў-бандэраўцаў”.

Віктар Баранец: “Расійскія ўзброеныя сілы, размешчаныя ў Крыме, маюць права прымаць прэвентыўныя меры для абароны сваіх інтарэсаў і для забеспячэння сваёй бяспекі. І калі б расійскія ўлады, якія дзейнічаюць па просьбе новага крымскага кіраўніцтва, не выконвалі так тыя задачы, якія яны выканалі, то сёння б Крым стаў гіганцкім другім Майданам і сёння б крымскае насельніцтва жыло па горла ў крыві. Крымчане яшчэ будуць дзякаваць Расіі за тое, што мы такім бяскроўным чынам ўпісаліся ў гэтую сітуацыю і забяспечылі мір на Крымскім паўвострае”.

І галоўнае, кажа Баранец, што робяць зараз расійскія вайскоўцы ў Крыме, дапамагаюць забяспечыць нармальную працу новай крымскай адміністрацыі.

Але чаму ўкраінскія вайскоўцы не супраціўляюцца іншаземцам? Наколькі стратэгічна правільна тое, што іх зброя сёння маўчыць? Дзмітрый Тымчук прызнае: на пачатку бяздзеянне вайскоўцаў тлумачылася разгубленасцю і непадрыхтаванасцю да такога развіцця падзей.

Дзмітрый Тымчук: “Гэтая сітуацыя сыграла на карысць Украіне: супрацьстаяць расійскаму ўварванню было б звышскладана, калі б размова ішла пра сапраўдны ваенны канфлікт. І бяздзеянне ўкраінскіх частак сарвала галоўную, як мы лічым, задуму Пуціна — справакаваць спробы абароны, якая прывяла б да забойства расіян. Тады б працаваў “абхазскі сцэнарый” і гэта апраўдала б агрэсію Расіі”.

Хоць і прызнае, што з ваеннага пункту гледжання няправільна не абараняцца, калі “невядомыя” са зброяй урываюцца на тэрыторыю вайсковых частак і вывозяць адтуль зброю.

Расійскія вайскоўцы нікуды не ўрываюцца, упэўнівае расійскі палкоўнік Віктар Баранец.

Віктар Баранец: “Шэраг вайсковых частак, афіцэраў, салдат ужо прысягнулі новай крымскай уладзе. І таму не трэба казаць, што тут справа рук выключна расіян — ужо пачалі дзейнічаць новыя сілавыя структуры пры новай уладзе і шмат што робіцца ў адпаведнасці з распараджэннямі, указамі ўжо новага крымскага кіраўніцтва”.

Такім чынам, невядомыя без формы ці ў расійскай вайсковай форме, але без апазнавальных знакаў са зброяй новыя сілавыя структуры новай крымскай улады?

Дзмітрый Тымчук упэўнены, што людзі ў форме расійскія вайскоўцы. З ім згодная і Эліна Бардач-Ялава. Ізраільскі эксперт прыгадвае, што менавіта з дапамогай узброеных людзей без шэўронаў расійскія ўлады ад пачатку спрабавалі вырашыць “чачэнскую праблему”. Менавіта такія людзі дапамагалі наладзіць працу “новых адміністрацый”. Але калі іх пачалі забіваць, то з’явіліся і апазнавальныя знакі на форме, і танкі ў Грозным.

Віктар Баранец ухіляецца ад адказу пра невядомых у расійскай форме.

Віктар Баранец: “Я не магу вам сёння раскрыць усе карты. Скажам так: гэтыя вайскоўцы ўваходзяць у сілавыя структуры пры новай уладзе”.

Што будзе, калі нервы ў якога-небудзь украінскага салдата не вытрымаюць і з’явіцца першы забіты на чужой тэрыторыі расійскі салдат? Украінскі і ізраільскі эксперты не выключаюць эскалацыі канфлікту. Расійскі эксперт сцвярджае, што ўжо 95% вайсковых частак прысягнулі новай крымскай уладзе, а з астатнімі “расіяне на службе новай крымскай улады вядуць магутную ваенна-дыпламатычную працу -- з тымі, хто не хоча перападпарадкоўвацца новай крымскай уладзе”.

І Дзмітрый Тымчук, і Эліна Бардач-Ялава не вераць, што Украіне будзе аказаная ваенная дапамога з боку ЕС ці ЗША. Яны спадзяюцца на вырашэнне канфлікту з дапамогай дыпламатыі. А вось расіяне да такога павароту рыхтуюцца, сцвярджае Баранец. І хваліцца, што іх выведка ўважліва сочыць за тым, што адбываецца і якія рашэнні прымаюцца ваеннымі ў Еўропе ды ЗША. Ёсць у яго адказ і на тое, як будуць дзейнічаць расійскія ваенныя, калі раптам у Крыме з’явяцца атрады ўзброеных людзей, да прыкладу, у амерыканскай форме без апазнавальных знакаў. Адказ вызначальны на самой справе.

Віктар Баранец: “Усе, хто з’явіцца ў такім выглядзе на тэрыторыі Крыма, і будзе аказваць супраціўленне расійскім войскам, будуць знішчаныя. Расійскі салдат выканае сваю задачу да канца! Ніхто збягаць з Крыма не збіраецца. Наадварот, увесь працэс ідзе да таго, што расійская армія ўсё больш зрастаецца з мясцовым насельніцтвам і становіцца галоўным абаронцам крымскага насельніцтва”.

Праўда, расійскі эксперт гарантуе: што б ні здарылася расійскія ваенныя не ступяць на зямлю Украіны па-за межамі Крыма.

Фота: Baz Ratner / Reuters, відэа прадастаўлена Еўрарадыё прэс-службай мэрыі Львова

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі