Расія пакіне сваю ядзерную зброю ў Беларусі, пакуль ЗША не прыбярэ сваю з Еўропы

Загрузка ракеты ў комплекс "Іскандэр-М"

Загрузка ракеты ў комплекс "Іскандэр-М" / ТАСС

Вывад з Беларусі расійскай ядзернай зброі не адбудзецца, пакуль у Еўропе застаецца ядзерная зброя ЗША. Пра гэта заявіў намеснік дырэктара Дэпартамента па пытаннях нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў у сваім выступе на пасяджэнні Першага камітэта (па раззбраенні) Генасамблеі ААН.

"Пастаноўка пытання аб пераглядзе сумесна прынятых Расіяй і Беларуссю пастаноў у ядзернай сферы цалкам нерэалістычная без адмовы ЗША і NATO ад шкоднага курсу на мэтанакіраваны падрыў нашай бяспекі і без поўнага вываду з Еўропы амерыканскай ядзернай зброі з ліквідацыяй адпаведнай інфраструктуры",прыводзіць ТАСС словы расійскага дыпламата.

Таксама Варанцоў заявіў, быццам размяшчэнне расійскай ядзернай зброі не можа разглядацца як парушэнне бяз'ядзернага статусу Беларусі. Па яго словах, Расія мае поўны кантроль за ядзернай зброяй, таму Беларусь, маўляў, выконвае Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі ў якасці няядзернай дзяржавы.

Пра планы даставіць ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка. А ўжо 16 чэрвеня паведаміў, што першыя тактычныя ядзерныя снарады былі дастаўленыя ў Беларусь.

Беларускія чыгуначнікі сведчылі, што кампаненты ядзернай зброі працягвалі ўвозіць у Беларусь яшчэ і ў верасні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі