Расія пагражае Даніі ядзернымі ракетамі

Калі Данія далучыцца да сістэмы супрацьракетнай абароны NATO, гэта будзе ўспрымацца Расіяй як пагроза. Пра гэта ў інтэрв’ю дацкай газеце Jyllands-Posten заявіў расійскі пасол у Даніі Міхаіл Ванін.

“Не думаю, што датчане добра ведаюць пра наступствы далучэння да амерыканскай сістэмы СРА. Калі гэта здарыцца, дацкія ваенныя караблі стануць мішэнню для расійскіх ядзерных ракет”, — сказаў пасол.

Каралеўства адразу адрэагавала на такі тон расійскай дыпламата. Міністр замежных спраў Даніі Марцін Лідэгор назваў такія выказванні “непрымальнымі”.

“Масква вельмі добра ведае, што супрацьракетны шчыт NATO накіраваны на абарону, а не супраць Расіі. Па многіх пунктах мы не згодныя з расійскім бокам, але важна не павышаць тон у дыскусіях”, — адзначыў кіраўнік МЗС каралеўства.

У нядзелю прадстаўніца NATO ў Бруселі, Аана Лунгеску заявіла, што падобныя выказванні пагражаюць міру і стабільнасці, перадае агенцтва Reuters.

Па словах Лунгеску, NATO мае намер абараняць усіх членаў альянсу ад любых пагроз. Данія паведаміла пра сваё рашэнне абсталяваць адзін са сваіх ваенных фрэгатаў радарам сістэмы СРА даўно, “так што, нас здзіўляе выбраны час, тон і сутнасць заяў расійскага пасла ў Даніі”, падкрэсліла Лунгеску.

Фота: Topwar.ru, Berlingske, Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі