Расія абмяжоўвае ўвоз садавіны і гародніны з Беларусі

“Рассельгаснагляд” ужо праінфармаваў Мінсельгасхарч Беларусі аб тым, што з 20 кастрычніка ўводзяцца абмежаванні на імпарт расліннай прадукцыі з нашай краіны. Гэтае рашэнне расійскага ведамства прагучала пасля серыі папярэджанняў аб рээкспарце праз Беларусь забароненага заходняга харчавання, паведамляе tut.by.

"Рассельгаснагляд накіраваў зварот у Галоўную дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Мінсельгасхарча Беларусі аб тым, што з 20 кастрычніка гэтага года таварныя партыі абязлічанай і непрамаркіраванай падкаранціннай прадукцыі не падлягаюць увозу на тэрыторыю Расіі", — сказана ў паведамленні.

На думку беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава, страты для адной кампаніі могуць быць заўважныя, але для Беларусі ў цэлым — не.

Леанід Злотнікаў: “Яны, відаць абмяжуюць так, каб завозілі толькі наша. Яны ж ведаюць аб’емы па мінулых гадах. Мяркую, што гэта некрытычна”.

Раней у СМІ неаднаразова паведамлялася пра выпадкі ўвозу на тэрыторыю Расіі з тэрыторыі Беларусі абязлічанай падкаранціннай прадукцыі. За два апошнія месяцы было ажно 82 выпадкі.

Нагадаем таксама, што з пачатку жніўня Расія забараніла ўвозіць на сваю тэрыторыю прадукты харчавання з краін Еўрасаюза, ЗША, Канады, Нарвегіі і Аўстраліі. Забарона закранула ў тым ліку і садавіну з гароднінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі