Пятра Маркелава затрымалі ў Мінску за адзіночны пікет насупраць МУС

Пятра Маркелава затрымалі ў Мінску за адзіночны пікет насупраць МУС

У Мінску затрымалі грамадскага актывіста Пятра Маркелава, паведамляе ў сацсетках Дзмітрый Кантаровіч.

"Увага, затрыманы актывіст "Дзеі" Пётр Маркелаў за адзіночную акцыю каля Міністэрства ўнутранных спраў. Пару гадзін таму ён быў на сувязі, знаходзячыся ў Маскоўскім РАУС. Яго абвінавачываюць паводле артыкула 23,34 частка 3", — напісаў ён.

Паведамляецца, што 31 траўня Маркелаў выйшаў да МУС з плакатам "Заблакуйце 86.57.250.202". Гэты IP-адрас, як патлумачыў сам Маркелаў, належыць серверу, звязанаму з сайтам МУС. Яго пратэст быў звязаны як з нядаўняй гамафобнай заявай ведамства, так і з блакаваннем сайтаў, перадае Радыё "Свабода".

1 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Мінска пачаўся працэс над Маркелавым, але суддзя Тацяна Моталь адклала справу, адправіўшы яе на дапрацоўку. Працяг працэсу прызначаны на 4 чэрвеня. Выходныя Маркелаў правядзе за кратамі — у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. 

Нядаўна ў Беларусі былі заблаканыя некалькі сайтаў, якія належаць Маркелаву. Сайт legalize.by заблакаваны рашэннем Мінінфармацыі нібыта за прапаганду спажывання марыхуаны. Каб абысці блакаванне, аўтары сайту зарэгістравалі новы — legalizebelarus.org, але доступ да яго таксама быў перакрыты. Таксама ўзніклі праблемы з доступам да сайтаў dziejaby.org (сайт грамадскага руху "Дзея") і nabyvaj.by (сайт пра беларускую мову на спажывецкім рынку). Усе яны былі зарэгістраваныя на Пятра Маркелава. Паведамленняў пра закрыццё сайтаў Маркелаў не атрымліваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі