Псіхіятр: Мінскі жывадзёр, які калечыць жывёл, можа перайсці на людзей

Першае кацяня з адрэзаным хвастом у мінскім раёне Серабранка знайшлі яшчэ ў пачатку кастрычніка. За месяц ад рук вандала пацярпелі дзясятак жывёлаў, а з кожным разам жывадзёр усё больш жорсткі, расказвае Еўрарадыё валанцёр  Алена:

“Пасля кастрычніка пакалечаных жывёл знаходзілі сістэматычна ў раёнах Мінска: Серабранка, таксама Малінаўка і Аўтазавод. У асноўным ахвяры — бяздомныя жывёлы”.

Першых жывёл яшчэ можна было ўратаваць — у катоў былі адрэзаныя хвасты, апошніх знаходзілі ўжо забітымі: з жывога сабакі знялі скуру і адрэзалі вушы.

“Сабака быў знойдзены ўжо мёртвы, а кацяня давялося усыпіць, бо у яго былі адсечаныя ўсе чатыры лапы, ён згубіў вельмі шмат крыві”, — прыгадвае старшыня грамадскай арганізацыі "Заашанец" Вольга.

Ахвяраў вандала знаходзяць на розных вуліцах: у абаронцаў жывёл ёсць падазрэнне, што той спярша глушыць жывёлу, а пасля адносіць яе ў нейкае памяшканне.

Восем катоў валанцёрам удалося ўратаваць: цяпер яны праходзяць рэабілітацыю. Без хваста каты змогуць жыць, але маглі памерці ад болевага шоку, тлумачыць ветэрынар прыватнай клінікі.

“Жывёла можа памерці ад крывацёку, бо калі ёй адразаюць той жа хвост, кроў жа не спыняецца. Не думаю, што ў такой асобы могуць быць нейкія прэпараты”.

Цяпер валанцёры звярнуліся з заявамі ў міліцыю і пракуратуру, каб вандала пакаралі.

Калі ён так абыходзіцца з жывёламі, то можа перайсці на людзей, папярэджвае прафесар кафедры псіхіятрыі з медыцынскай псіхалогіяй Медыцынскага ўніверсітэта Алена Скугарэўская:

“Гэта можа праявіцца з падлеткавага ўзросту, а потым расквітнець. Гэта, звычайна, анамальныя асобы, паталогія асобы. Дэзадаптаваныя асобы ў грамадстве, у асабістым жыцці схільныя да такіх дзеянняў. Што кіруе такім чалавекам? Гэта можа быць псіхічна хворы з непрытомна-галюцынаторнымі перажываннямі. Яму можа голас казаць: зрабі тое, гэтае, і ён будзе выконваць. Гэты чалавек мог перажыць вострыя захворванні мозгу”, — тлумачыць прафесар.

Пакуль пра заведзеную справу на жывадзёра не кажуць ні ў міліцыі, ні ў пракуратуры. Але ў генпракуратуры ўдакладняюць, што “крымінальнай адказнасці за здзекі з жывёлаў у нас няма”. Толькі адміністрацыйная. Так што жывадзёр можа абмежавацца штрафам ці “суткамі”. Калі раптам гэта не палічаць за хуліганства. Але валацёры ўсё ж падалі заяву ў міліцыю, якая распачала праверку. Тым часам неабыякавыя мінчане ўжо паабяцалі за злоўленага жывадзёра ўзнагароду ў тысячу долараў, і сума гэта павялічваецца.

На фотаздымках - сабака пасля дзеянняў жывадзёра:

Фота - з архіву валанцёраў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі