Прызавых $5000 пераможцам конкурсу ў Віцебску хапіла на дарогу дадому

У нядзелю ў Віцебску завяршыўся вядомы на ўвесь свет Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі "IFMC-2014". Гран-пры конкурсу, які адбываецца ў межах фэста, заваяваў японскі дуэт Аякі Хабаты і Катара Іта (Ayaka Habata & Cotara Ito Dance Company). Праўда, прэмія ў 5 тысяч долараў акурат пакрые дарогу танцоўшчыкам, бо па ўмовах конкурсу ўдзельнікі прыязджаюць у Віцебск за свой кошт.

"Ашчаджаем кожную капейку, — тлумачыць ініцыятар фестывалю Марына Раманоўская. — Прыляцець з Уфы, прыляцець з Кемерава, прыляцець з Токіа — усе удзельнікі ляцяць за свой кошт. Натуральна, калі б мы маглі аплачваць дарогу, істотна б павялічылі нашу геаграфію. Пра гэта марыць, натуральна, вар'яцтва, бо гэта будуць вельмі вялікія грошы. Але хаця б павялічыць прэміяльны фонд, безумоўна, варта".

Грашовы прызавы фонд сёлетняга конкурсу ў Віцебску склаў 14 тысяч долараў. Аднак фіналісты апынуліся настолькі моцнымі, што журы давялося дзяліць другую і трэцюю прэміі сярод шасці калектываў. У выніку замест тысячы лаўрэаты трэцяй прэміі атрымалі… па 330 долараў.

"Я была, калі шчыра, праціўнікам таго, каб настолькі драбілі прэміі, бо яны і так не вельмі вялікія, — працягвае Марына Раманоўская. Але балы ўдзельнікаў супалі нават матэматычна. І ніводзін сябра журы не мог саступіць, бо кожнаму падабалася пэўная праца. Таму ў выніку вырашылі, ну што грошы? Ну, касцюм пашыюць. А званне, тым больш на міжнароднымі конкурсе, яно сапраўды істотнае для калектыву. Таму, раз такія годныя працы, то вырашылі іх усіх узнагародзіць".

Тое, што грошы — гэта не галоўнае на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, кажа і Валянцін Ісакоў з Гомеля. Менавіта праца "Спектр" яго праекта "Х-перыменты" прымусіла журы вывернуць кішэні і зацвердзіць сваю ўласную грашовую прэмію за лепшы дэбют.

"У маім канверце было грошай нават больш, чым атрымалі лаўрэаты другой прэміі! — смяецца Валянцін. — Але асноўная частка ўдзельнікаў не думае, як бабла выйграць на гэтым конкурсе. Калі з 46 прац заўважаюць тваю і кажуць, што тое, што ты робіш, мае права на існаванне, а гэтыя людзі за месяц глядзяць па 200 такіх прац, і кажуць, што ты не такі, як усе, у цябе ёсць свой стыль і почырк, развівайся і нікога не бойся — вось гэта самае важнае! Калі б усе харэографы ў краіне рабілі ўсё толькі за грошы, то ў нас даўно не было б харэографаў!"

Бюджэт фестывалю "IFMC-2014" складае амаль 2 мільярды рублёў. Частку з іх выдзяляе дзяржава, другая частка складаецца з грошай спонсараў і ўласных грошай фэсту, якія з'яўляюцца за кошт платнай акрэдытацыі, платных майстар-класаў, продажу квіткоў на спектаклі і рэкламы спонсараў. Вялікія выдаткі фэсту прыпадаюць на ганарары зоркам, якія выступаюць у якасці гасцей. А вось дарогу арганізатары могуць і не аплачваць, бо замежныя калектывы самі знаходзяць сродкі.

"Сёлета да нас прыляцелі з Філадэльфіі 12 амерыканцаў. Цягам года з паловай мы былі з імі ў кантакце і яны знайшлі грант на пералёт. То бок, мы патрацілі грошы толькі на іх пражыванне і ганарар. З балетам Яўгена Панфілава ў нашага фестывалю даўняе сяброўства. Мэрыя горада Перм у сваіх планах на год загадзя ўлічвае выдаткі на паездку калектыву ў Віцебск, што кажа пра прэстыж фестывалю", — мяркуе Марына Раманоўская.

Віцебскі фестываль узнік у 1987 годзе і стаў першым і буйнейшым форумам сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі былога СССР. На жаль, інтэлектуальны і стыльны харэаграфічны фэст Віцебска не так вядомы ў Беларусі, як яго забранзавелы сусед "Славянскі базар" і не так ангажаваны. Але зраўняць памер гран-пры конкурсаў, то бок, павялічыць "танцавальныя" 5 тысяч да 20-ці "славянабазарскіх" усё ж варта. Каб за грошы можна было не толькі пакрыць дарожныя выдаткі, але і стварыць новы спектакль. Хаця б мініяцюру.

Нагадаем, XXVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі праходзіў у Віцебску з 19 па 23 лістапада. У конкурснай праграме форума ўдзельнічалі 33 калектывы, якія прыехалі з Украіны, Японіі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Літвы, Расіі, Арменіі і розных куткоў Беларусі.

Фота: www.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі