"Прыадчынілі дзверы, злачынец трымае дзяўчыну рукой, а пісталет на нас"

“Мы параіліся некалькі секунд і вырашылі, што калі ён выйдзе, то завалім яго, скруцім і будзем трымаць, пакуль міліцыя не прыедзе. Прачынілі дзверы і ўбачылі, што злачынец трымае дзяўчыну рукой, прыдушыў яе, а пісталет настаўлены на дзверы, на нас”, -- расказвае Вадзім, які займаецца рамонтам электронікі.

Яго бокс усяго ў пяці метрах ад абменніка “Белсвісбанка”. Абменнік наглуха закрыты ралетамі, пра драматычныя падзеі 1 кастрычніка ўжо нічога не сведчыць.


Вадзім расказвае, што першы ўскрык касіркі пачуў недзе каля 13-й гадзіны. Гаворыць, што спачатку ні ён, ні іншыя гандляры не надалі гэтаму значэння. Да абменніка мужчыны кінуліся толькі тады, калі касірка пачала гучна крычаць і прасіць дапамогі. І ўбачылі, што ў ім рабаўнік. Ён спрабаваў уцячы, аднак калі пабачыў, што зрабіць гэта не атрымаецца, схаваўся ў абменніку. Пры гэтым пагражаў зброяй і патрабаваў даць яму ўцячы. Вадзім расказвае, што міліцыянеры прыехалі на пачатку нават без зброі:

“Першыя міліцыянеры прыехалі ўвогуле без зброі. Потым яшчэ адзін прыехаў ужо са зброяй. Прычым прыехалі яны хвілін праз дзесяць. Прынамсі, нам так падалося. Магчыма, мы ужо не зусім адэкватна час успрымалі… Але калі ўжо міліцыя была са зброяй тут, то злачынца забарыкадаваўся знутры. Ён па маніторах назірання, устаноўленых у абменніку, мог усё бачыць, што звонку адбываецца”.

Магчыма, адсюль стралялі ў рабаўніка.

Пісталет рабаўніка выглядаў на сапраўдны, гавораць відавочцы, быў металічным. Цацачным, газавым альбо пнеўматычным – часу і жадання правяраць гэта ў людзей не было. Супрацоўнікі гандлёвага цэнтра насамрэч заўважылі мужчыну ў капюшоне за некалькі хвілін да здарэння, аднак ён не паводзіў сябе ненармальна, таму міліцыю ніхто не выклікаў. Відавочца расказвае, што, па словах міліцыянераў, рабаўніком быў былы брэсцкі дэсантнік.

“25 гадоў, былы дэсантнік. Служыў у Брэсце. Мы яго асабліва не разглядалі. Але як можа такі чалавек адэкватна выглядаць? Пра тое, што дэсантнік, я чуў з перамоваў супрацоўнікаў міліцыі. Думаю, што гэта насамрэч так і было, яны яго вылічылі па сваіх крыніцах”.

Вадзім гаворыць, што злачынца ўвесь час мяняў свае патрабаванні. То пагаджаўся з перагаворшчыкамі, то не. Відавочца кажа, што ў выніку рабаўнік так і не адпусціў касірку абменніка, усё скончылася стрэлам.

“Стрэл пагучаў прыкладна ў 16.20. Яго тры гадзіны мурыжылі тут. Абмалёўвалі перспектывы. Паставілі перад выбарам – альбо ён адпускае дзяўчыну і яго затрымліваюць, альбо нешта з ёй робіць і тады яго таксама тут кладуць. Жыццё дзяўчыны было гарантам яго жыцця. Магчыма, толькі таму яна і засталася жывая”.

Спецназавец страляў зверху, гавораць відавочцы. Бокс абменніка не мае даху, пакуль рабаўнік вёў перамовы, стралок змог незаўважна падкрасціся і выстраліць.
Відавочцы таксама гавораць, што ў касіркі пасля вызвалення на скроні можна было бачыць след ад дула пісталета. Дзяўчыну, ёй 18 гадоў, адразу перадалі медыкам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі