Прэзідэнт Эстоніі сумняваецца, што яе краіна будзе купляць энергію з БелАЭС

Керсці Кальюлайд / Еўрарадыё
Керсці Кальюлайд / Еўрарадыё

Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд выказала сумневы ў тым, што ў будучыні яе краіна стане купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Па словах сп-ні Кальюланд, гандаль цяжка ўявіць, пакуль не будуць зробленыя значныя інвестыцыі ў інфраструктуру. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра будаўніцтва ўставак пастаяннага току (УПТ) на лініях электраперадачы.

"Мы не ведаем ці стане падобны гандаль [купля электраэнергіі ў Беларусі. — Еўрарадыё] бізнес-кейсам у нас, бо Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне аб дасягненні кліматычнай нейтральнасці да 2050 года. Гэта значыць, што на мяжы Еўрасаюза будуць дзейнічаць значныя падаткі на электраэнергію, інакш не будзе магчымасці развівацца для "зялёных" тэхналогій, — сказала Керсці Кальюлайд, адказваючы на ​​пытанне Еўрарадыё. — Таму, я вельмі моцна сумняваюся, што нехта будзе гатовы заплаціць за УПТ на любой з гэтых ліній паміж краінамі Балтыі і беларускай энергасістэмай, пераследуючы рынкавыя мэты".

Эстонія ўступіла ў Еўрасаюз 1 мая 2004 года. Беларусь да гэтага часу не ўваходзіць у ЕС.

Керсці Кальюлайд падкрэслівае, што тое, дзе эстонцы купляюць электраэнергію, "гэта не палітычнае рашэнне, не рашэнне ўрада". "У Эстоніі дзейнічае свабодны рынак электраэнергіі, мы купляем яе на энергабіржы Nord Pool. Усе, хто прызнаюцца на біржы Nord Pool у якасці прадаўца электраэнергіі, могуць прадаваць электрычнасць у нас. Мы прымаем цэны біржы Nord Pool, а нашы кампаніі вольныя гандляваць ці не — як яны лічаць патрэбным", — дадае спадарыня прэзідэнт.

У адрозненне ад Літвы, Эстонія не бачыць у Беларускай АЭС пагрозу сваёй бяспецы. Раней кіраўніцтва Эстоніі не выключала, што будзе купляць электраэнергію з БелАЭС, калі станцыя будзе запушчана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі