Прэзентацыя на Еўрарадыё: трэк “O Boža Moj” ад гурта Akute
Першая песня з шэрагу, якая паказвае адзін з бакоў гучання новага, больш электрычнага альбома.
Магілёўцы Akute прэзентуюць на Еўрарадыё песню “O Boža Moj”.
“Гэты трэк запісаны пры ўдзеле амаль што нашага новага ўдзельніка гурта Арцёма Кузняцова (DJ Pryzma), — распавядае басіст Akute Раман Жыгараў. — Ён раней рабіў рэміксы на нашы песні, а цяпер паўдзельнічаў у асноўным запісе, адказваў за сэмплаванне, сінтэзатары, драм-машынку, карацей электроннае гучаннне”.
Па словах Ромы, будучы альбом Akute будзе меней рокавым а больш электронным. Песня “O Boža Moj” стане “адным з яго цэнтральных трэкаў” і дакладна адлюстроўвае новае гучанне гурта.
“Любы трэк, які зараз будзе выдавацца, а я так разумею, што да вясны мы прэзентуем яшчэ адну песеньку, будзе паказваць розныя бакі будучага альбома, — працягвае музыка. — Мы нават цяпер перапрацоўваем тыя трэкі, якія былі напісаныя ў рокавай аранжыроўцы, на больш… сінтэтычныя”.
Новы альбом Akute з’явіцца не раней за восень, але дакладных дат музыкі не называюць, каб не сурочыць.
Трэк “O Boza Moj” і іншыя новыя песні можна будзе пачуць на канцэртах Akute у рамках тура “Усё павернецца” (Usio Pavierniecca). 11 снежня ў клубе Re: Public (Мінск) адбудзецца прэзентацыя новай праграмы ў фармаце вялікага сольнага канцэрта Akute.