Прэзентацыя на Еўрарадыё: Паліна Рэспубліка і “Фіолет” — “Вітер з півночі”

“Гэта песня пра жыццё людзей па розныя бакі мяжы, пра розніцу паміж імі і пераважанне чалавечнасці незалежна ад таго на якім баку мяжы ты жывеш”, — распавядае Еўрарадыё лідар “Фіолету” Колас (Сяргей Мартынюк). Атрымліваецца, “Вітер з півночі” (“Вецер з поўначы”) — гэта таксама і пра сяброўства Паліны Рэспублікі і ўкраінскіх музыкаў, падзеленых беларуска-ўкраінскай мяжой.

Песня запісаная ў Луцку. Тэкст сумесна напісалі Паліна Рэспубліка і Колас. Аранжыроўку і звядзенне ўзяў на сябе гітарыст “Фіолету” Мікола Цімашчук.

“Калі я атрымала працоўныя матэрыялы, частка, якую пісаў “Фіолет”, ужо была зробленая, — распавядае Еўрарадыё Паліна Рэспубліка. — І тое, што напісала я, было напісана пад уружаннямі, на той хвалі, на якой пісаў Сяргей. Шчыра — я не магу сказаць, пра што гэтая песня. Але каб пазаганяцца! Дарэчы, там у мяне была спроба запісацца па-ўкраінску. Але ўсё ж такі я спяваю па-ўкраінску з беларускім акцэнтам. Таму лепей мне гэтага не рабіць…” (усміхаецца)

Нагадаем, што ў траўні Паліна Рэспубліка разам з “Фіолетам” дала свой першы канцэрт ва Украіне.

“Фіолет” заснаваны ў Луцку ў 2009 годзе. Гурт выдаў два паўнафарматныя студыйнікі, “жывы” альбом і некалькі міні-альбомаў. Украінцы канцэртавалі ў Мінску, Гродна і Брэсце. У 2011 годзе “Фіолет” з песняй “Месца пакуты” заняў 4 месца ў інтэрнэт галасаванні на “Тузіне гітоў” па выніках сезона.

Паліна Рэспубліка (Паланейчык) — маладая мінская спявачка. Пераможца фэста “Бардаўская восень 2011”. Спявае і запісвае свае песні разам з гітарай, кантрабасам і (часам) акардэонам, піяніна і бубнамі. Адкрыццё 2011 года па версіі “Тузіна гітоў”. Адкрыццё 2012 года па версіі Ultra-Music.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі