Прэс-служба МУС: супраць пратэстоўцаў у Брэсце зброя была ўжытая на паражэнне

Прэс-служба МУС: супраць пратэстоўцаў у Брэсце зброя была ўжытая на паражэнне

У ноч з 11 на 12 жніўня ў Беларусі былі адзначаныя акцыі пратэсту ў 25 населеных пунктах, паведамляе прэс-служба МУС. У міліцыі, дарэчы, акцыі называюць "ачаговымі зборамі грамадзян"

У Мінску і шэрагу буйных гарадоў месцам спрабавалі перкарыць рух грамадскага транспарту. 

У Мінску каля 22:00 прыкладна 400 чалавек выйшлі на праезную частку вуліцы Прытыцкага, заблакаваўшы рух транспарту. Аднавіць рух транспарту сілавікі здолелі толькі праз дваццаць пяць хвілін.

У Жодзіне кіроўца "Нісана" збіў вайскоўца і ўцёк з месца здарэння. Пацярпелага даставілі ў шпіталь са шматлікімі траўмамі. Агулам за суткі на праваахоўнікаў было ўчынена пяць наўмысных наездаў на аўтамабілях.

У Брэсце, як заяўляе прэс-служба МУС, на міліцыянтаў "напала група агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках". Міліцыя, як сцвярджаецца, зрабіла папераджальныя стрэлы ўверх, але гэта не дапамагло. "Для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў зброя была ўжытая на паражэнне. Адзін з нападнікаў паранены", — гаворыцца ў паведамленні.

Еўрарадыё даведалася дыягназ параненага: "Адкрытае пранікальнае агнястрэльнае раненне чэрапа. Удар — раскладанне галаўнога мозгу. Шматаскольчаты пералом зводу чэрапа з пераходам на аснаванне". Па стане на 6:30 раніцы пацярпелы быў яшчэ жывы.

У Жабінцы невядомы кінуў у бок міліцэйскай машыны "кактэйль Молатава". Пад аўтамабілем загарэлася тратуарная плітка.

За ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах па ўсёй краіне затрыманыя больш за тысячу чалавек. Такім чынам за тры дні пратэстаў колькасць затрыманых склала каля шасці тысяч. 

Паводле звестак Мінздароўя, па дапамогу медыкаў звярнуўся 51 чалавек. Траўмы рознай ступені атрымалі 14 супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў унутраных войскаў, некаторыя з іх шпіталізаваныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі