Прэс-служба БАТЭ: Каб трапіць на пачатак матча, лепш прыехаць за гадзіну

Вечар 30 верасня, 21.45. Стаю ў чарзе перад турнікетамі “Барысаў-Арэны”, хачу трапіць на матч Лігі чэмпіёнаў паміж мясцовым БАТЭ і “Атлетыкам” з Більбао. Але перада мной яшчэ сотня чалавек, таму легендарны гімн турніру слухаю звонку стадыёна. “Эх, самае прыгожае прапусцілі”, — сакрушаюцца побач са мной заўзятары. Праз хвіліну натоўп пачынае скандаваць “Пра-пус-кай! Пра-пус-кай”. Яшчэ праз пяць хвілін пачынаюцца ўжо нашмат менш лагодныя заклікі ў адрас міліцыі. На стадыён трапляю толькі на 17 хвіліне матча — акурат пад першы гол барысаўчан.

“Адзінае, што можна тут зрабіць, гэта каб людзі прыходзілі раней. Ні ад міліцыі, ні ад стадыёна нічога ў гэтым выпадку не залежыць. Справа ў тым, што для стадыёна 4-ай катэгорыі ёсць абавязковая ўмова — электронныя турнікеты”, — кажа прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч.

На “Барысаў-Арэне” 13126 месцаў і 26 турнікетаў, 2 з якіх — гасцявыя. Паводле прыблізных ацэнак, кожны электронны турнікет разлічаны на пропуск 660 чалавек за гадзіну. Гэты час патрэбны, каб сістэма магла счытаць і зарэгістраваць штрых-код з квіткоў. Агулам, за гадзіну усе турнікеты “Барысаў-Арэны” могуць прапусціць каля 17 тысяч чалавек, расказвае Сяргей Дашкевіч.

“За гадзіну турнікеты “Барысаў-Арэны” здольныя прапусціць каля 17 тысяч чалавек. То бок прыязджаць трэба прыкладна за 40 хвілін да гульні, а лепш за гадзіну”.

На практыцы прапускная здольнасць турнікетаў не такая высокая. Заўзятары не стаяць акуратнымі чэргамі, часта маюць памятыя квіткі, якія складана счытаць сістэме, марудзяць падчас асабістага дагляду. А могуць увогуле прыйсці на гульню з вялікімі сумкамі, расказвае прэс-сакратар БАТЭ:

“Часам чалавек прыходзіць з сумкай, а супрацоўнікі міліцыі маюць права накіраваць яго ў камеру захоўвання. Такія рэчы таксама займаюць час, хвіліны набягаюць адна на адну”.

Таму, зыходзячы з уласнага досведу, можна параіць прыязджаць на “Барысаў-Арэну” (на гульні БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў — дакладна) за гадзіны паўтары. Тады гімн Лігі Чэмпіёнаў можна будзе пачуць не толькі ў чарзе ля турнікетаў.

Фота borisov-arena.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі