Прэмія Rock Profi 2015 аб'явіла намінантаў

Абвешчаныя намінанты прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi 2015, уручэнне якой адбудзецца 28 мая ў мінскім бары "Хуліган". На цырымоніі выступяць "Вірус ліха", "Носорогов & Ко", Nizkiz, Harotnica. Больш за ўсіх намінацый — тры — атрымалі гурты "Ляпис Трубецкой" і Tonqixod.


"Ляпісы" прэтэндуюць на перамогу ў намінацыях "Лепшая песня" ("Воины света"), "Лепшы запіс" (альбом "Матрёшка") і "Артыст года". Маладыя арт-рокеры Tonqixod прадстаўленыя ў намінацыях "Лепшы альбом" ("Прадмова"), "Лепшы запіс" (альбом "Прадмова") і "Дэбют года". Па дзве намінацыі ў Лявона Вольскага, а таксама гуртоў Akute, The Toobes, "Серебряная свадьба".


"У межах прэміі разглядаюцца працы і дасягненні беларускіх музыкаў з 1 студзеня да 31 снежня каляндарнага года. "Ляпіс Трубяцкі" распаўся 1 верасня, паспеўшы выдаць альбом, шэраг кліпаў, адыграць шмат канцэртаў, таму я не бачу тут нічога дзіўнага, — адзначае адзін з арганізатараў прэміі Павел Юрцэвіч. — Агулам жа, ніхто не мае сур’ёзнай перавагі і гэта пацвярджае, што год у галіне рок-музыкі, інды і альтэрнатывы атрымаўся насычаным і роўным".


У журы прэміі ўваходзяць беларускія музыкі, якія выдалі паўнафарматныя альбомы цягам апошніх трох гадоў (гэтым разам 2012-2014). У галасаванні ўзялі ўдзел больш за 60 гуртоў і сольных артыстаў. У першым туры на разгляд патрапіла 39 альбомаў і больш за 100 песень, выдадзеных у выглядзе сінглаў і кліпаў. Лідары галасавання сталі намінантамі і патрапілі ў другі тур.

Пачатак канцэрта ў 20.00 Квіткі: 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень). Продаж: у бары "Хуліган" штодзённа з 12.00 да 22.00. Тэлефон: (017) 327 10 45.

СПІС НАМІНАНТАЎ (у алфавітным парадку):

"Лепшы альбом": Akute "Рэальнасць і сны", Лявон Вольскі "Грамадазнаўства", The Toobes "Road To The Big Time", Tonqixod "Прадмова".

"Лепшы запіс": "Ляпіс Трубяцкі" "Матрёшка", Port Mone "Thou", The Toobes "Road To The Big Time", Tonqixod "Прадмова".

"Лепшая песня": Лявон Вольскі "Шэрая кроў", Ляпіс Трубяцкі "Воины света", Nizkiz "Цяпер і далей", "Серебряная свадьба" "Ag".

"Дэбют года": .K, Earworm, Tonqixod, U.G.oslavia.

"Артыст года": Akute, "Дай дарогу!", "Ляпіс Трубяцкі", "Серебряная свадьба".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі