Правілы жыцця Уладзіміра Караткевіча ў цытатах

Правілы жыцця Уладзіміра Караткевіча ў цытатах

26 лістапада адзначаецца 85 гадоў з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Еўрарадыё збірае самыя яскравыя цытаты з яго твораў. Якія ж яны, правілы жыцця Уладзіміра Караткевіча?

***

Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой.

***

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто — і тады ты пераможаш.

***

Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў.

***

Душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля – ваяводзе справядлівай вайны, жыццё – усім добрым людзям, сэрца – каханай. Але гонар і чэсць – яны належаць толькі табе і больш нікому.

***

Лепей недаесці, як ястраб, чым пераесці, як свіння.

***

— Гэй, браткі, вам кажу! Ці ж Бог даў беларусу дзюбу, каб ён пішчаў?

— А для чаго?

— Лушчыць арэхі ды цалавацца!

***

Абяцаюць нам новы раскошны дом,

Але тут нам жыць і канаць,

Тут пад кожным навекі здабытым бугром

Нашы продкі забітыя спяць.

Яны аддалі нам меч і касу,

Слова з вуснаў, цяпер нямых...

І нам немагчыма пайсці адсюль

І пакінуць са смерцю іх.

***

"На Беларусі Бог жыве" —

Так кажа мой просты народ.

***

Ты сказаў нам: "Унукі Скарыны,

Дзе ваш гонар, моц і краса?

Ёсць і ў вас, як і ў іншых, святыня.

Не давайце святыні псам!"

***

А я ў народ мой заўсёды веру,

І для яго як вопытны кормшчык,

Адкрыю найлепшую ў свеце Амерыку

(Вёску Амерыку, што пад Оршай).

***

Павінна ж быць і ў зайца радасць

Перад халоднаю зімой.

***

Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,

Свінні — рыцца ў гноі сваім,

А льву патрэбны калючы гушчар,

Родны край і свабода ў ім.

П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў

***

Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,

Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,

Бо мы — сапраўднай крыві.

Правілы жыцця Уладзіміра Караткевіча ў цытатах

Уладзімір Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы. Памёр 25 ліпеня 1984 года на 54-м годзе жыцця. Першыя творы апублікаваў у 1951 годзе ў аршанскай раёнцы "Ленінскі прызыў" — вершы "Тут будзе канал" (па-руску) і "Якубу Коласу" (па-беларуску).

Асноўныя творы: "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі", "Каласы пад сярпом тваім", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Ладдзя Роспачы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі