Праверка Мазырскага спіртзавода скончылася 12 крымінальнымі справамі
Іх распачалі па фактах ухілення ад выплаты падаткаў, злоўжывання ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, выманьвання крэдыту.
Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля па Гомельскай вобласці праверыла Мазырскі спіртзавод. Былі выяўленыя шматлікія парушэнні, якія датычаць дзейнасці кіраўніка прадпрыемства.
У 2013-2014 гадах дырэктар загадваў сваім падначаленым адлюстроўваць фактычную выручку і аб'ёмы рэалізаванай прадукцыі прадпрыемства не ў поўным аб'ёме. У выніку ён ухіліўся ад выплаты ў бюджэт 25,5 млрд рублёў падаткаў. Пасля праверкі грошы гэтыя завод пералічыў. Таксама кіраўнік прадастаўляў у банкі дакументы, якія ўтрымлівалі непраўдзівыя звесткі, але спрыялі атрыманню крэдытаў.
Як інфармуе БЕЛТА, у адносінах дырэктара спіртзавода распачалі 12 крымінальных справаў. Гэта і ўхіленне ад выплаты падаткаў, і злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, і выманьванне крэдыту.
Фота: Fotolia